З эфіру АНТ выразалі словы палітолага Мельянцова пра інфармацыйныя дыверсіі з боку Расіі
У выніковай перадачы, якая з’явілася на тэлеканалах не было нічога з таго, што Мельянцоў казаў аб інфармацыйных атаках на Беларусь з боку Расіі.
«Гаворка ішла пра тое, што прапаганда і інфармацыйныя дыверсіі ў нас не толькі з боку Захаду і польскага прапагандысцкага канала «Белсат», пра што казаў вядучы (і з чым я згодзен), а яшчэ і з боку нашых усходніх саюзнікаў.
Успомнім хоць бы фэйкавую навіна аб перакідцы на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэннях Захад-2017 падраздзяленняў 1‑й танкавай арміі, якую расейскі Мінабароны да гэтага часу не зняло з сайта, ці ўзлом твітар-акаўнта намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, за якім відавочна цягнецца расійскі парашут», — адзначыў Мельянцоў.
У каментары «НН» Дзяніс Мельянцоў адзначыў, што ён упершыню прымаў удзел у перадачы ў такім фармаце. У ранейшым палітычным ток-шоу, якое вёў Вадзім Гігін апошнія гады не цэнзураваліся нават самыя жорсткія выказванні. Раней на цэнзуру з боку Бачкова заяўляў лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Таксама Мельянцоў адзначыў яшчэ адзін момант, які можа ўплываць на абароненасць нашай краіны:
«Не называючы імёнаў. Кіраўніцтва дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны — асабістыя адрасы на mail.ru, некаторыя дарадцы і кіраўнікі сектараў Дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі — на рамблере і mail.ru, дыпламаты пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі — mail.ru.
Гэта маленькая частка наяўных у мяне візітак. Краіна, якая прэтэндуе на ролю «дыпламатычнага хаба» і «перамоўнай пляцоўкі» павінна трохі сачыць за сеткавай гігіенай сваіх адказных асоб», — адзначае Мельянцоў.