Суд у Брэсце пакараў блогера Сяргея Петрухіна штрафам на 1225 рублёў
Суд Ленінскага раёна Брэста 4 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна.
Судовы працэс аднавіўся пасля таго, як на мінулым пасяджэнні 1 кастрычніка Пятрухін заявіў хадайніцтва пра ўдзел яго адваката ў судовым працэсе. Тады Сяргея Пятрухіна даставілі у суд адразу з ізалятара часовага ўтрымання.
З матэрыялаў справы вынікае, што блогер абвінавацілі ў тым, што 30 верасня ў публічным месцы ён ладзіў пікет супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста. Насамрэч Сяргей Пятрухін вёў на YouTube-канале “Народны рэпарцёр” анлайн-трансляцыю традыцыйнай сустрэчы на плошчы Леніна тых, хто выступае супраць з’яўлення гэтага завода.
Супрацоўнікі міліцыі, якія былі запрошаныя ў якасці сведак, запэўнівалі, што на дыску, прыкладзеным да адміністрацыйнай справы, ёсць відэазапіс, дзе бачна, як Сяргей Пятрухін не толькі сам апрануты ў майку з надпісам “Прэч атруту! “Не” — заводу! Гаспадарыць тут народу!”, але і раздаваў гэтае адзенне іншым людзям.
“Аднак на відэа пацверджання гэтых слоў не знайшлося, а іншын дыск, прадстаўлены міліцыяй, наогул не адчыніўся. Таму ніякіх доказаў, што я раздаваў майкі на плошчы, няма”, – распавёў Сяргей Пятрухін.
Гэтыя словы блогера пацвердзілі і сведкі, што былі ў гэты дзень на плошчы.
Тым не менш, суддзя Аляксандр Семянчук прызнаў блогера вінаватым паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП (“удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”) і пакараў штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1225 рублёў).
Нагадаем, што Сяргея Пятрухіна затрымалі 30 верасня ў той момант, калі ён вяртаўся дадому з плошчы Леніна. Супрацоўнікі міліцыі прымусілі блогера вярнуцца на плошчу, а пасля адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста (ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання).