Міністр інфармацыі назваў сваю любімую газету
Сёння міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, якім распавёў, што думае пра сітуацыю з друкаванымі і інтэрнет-СМІ, піша БелТА.
«Інтэрнэт-выданні карыстаюцца ў свеце ўсё большай папулярнасцю, але ў друкаваных СМІ ёсць свой чытач, і яго нямала, — адзначыў міністр інфармацыі. — Пры гэтым шматлікія друкаваныя СМІ паспяхова сумяшчаюць сваю працу і ў сацсетках».
На думку Аляксандра Карлюкевіча, будучыня ёсць перш за ўсё ў тых друкаваных выданняў, дзе будзе больш аналітыкі, цікавых творчых матэрыялаў, ацэнак аўтарытэтных экспертаў. Да прыкладу, цяпер вялікай папулярнасцю карыстаюцца штотыднёвікі, якія даюць аб’ектыўную ацэнку сітуацыі ў краіне і свеце.
Міністр інфармацыі прызнаўся, што яго любімым выданнем па-ранейшаму застаецца газета «Звязда», дзе ён доўга прапрацаваў.
Акрамя таго, ён увесь час чытае «СБ. Беларусь сегодня», расійскую «Літаратурную газету» і іншыя выданні.