Фотафакт: у менскім канфіскаце прадаюць камп’ютар з налепкай Белсату
У краме канфіскаваных тавараў з’явіўся сістэмны блок з налепкаю Белсату. Фота тавару выклаў у сваім Facebook Вадзім Воўчак.
Як кажа аператар Аляксандр Баразенка, у якога таксама канфіскавалі тэхніку пасля падзеяў вясны 2017 году, менавіта такія налепкі з’явіліся на яго тэхніцы пакуль ён сядзеў на Акрэсціна.
Аператар Аляксандр Любянчук таксама казаў, што налепкі на тэхніцы зʼявіліся менавіта пасля таго, як сілавікі ўварваліся ў офіс Белсату з вобшукам. Тады Аляксандра зачынілі на некаторы час у пакоі, а ўжо калі выпусцілі і прывялі панятых, налепкі былі на кампʼютарах.
Таму нельга выключаць, што менавіта тэхніка журналістаў ўжо з’явілася ў продажы ў крамах канфіскату.
Нагадаем, што 31 сакавіка 2017 году ў менскіх офісах Белсату адбыліся ператрусы. Фармальная прычына ператрусаў – «незаконнае выкарыстанне таварнага знаку». Была заведзеная крымінальная справа. Пасля разбіральніцтваў суд пастанавіў канфіскаваць тэхніку і прысудзіў вялікія штрафы аператарам Аляксандру Баразенку і Алесю Любянчуку.