Грамадзянская жонка Паўла Шарамета падала ў суд на генпракурора Ўкраіны
Блізкія Паўла Шарамета скардзяцца на бязьдзейнасьць генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі ў расьсьледаваньні справы аб выбуху 2016 году ў Кіеве, у выніку якога журналіст загінуў, піша выданьне «Украінская праўда».
У скарзе, пададзенай адвакатам сям’і Шарамета Андрэем Мамалыгам у Пячэрскі раённы суд Кіева, грамадзянская жонка Шарамета, рэдактар «Украінскай праўды» Алена Прытула патрабуе прызнаць яе пацярпелай у справе і дапусьціць да ўдзелу ў працэсе адваката Мамалыгу.
Прытула перакананая, што выбух, які адбыўся на рагу вуліц Івана Франко і Багдана Хмяльніцкага 20 ліпеня 2016 году, у 7:45, быў тэрарыстычным актам:
«Дзёрзкасьць, зь якой дзейнічалі тэрарысты, паказвае, што мэтай злачынства было не забойства Паўла Шарамета, а атрыманьне псыхалягічнага эфэкту ў выглядзе панікі і прыгнечанасьці сьведак тэракту, тэлегледачоў і блізкіх загінулага Паўла Шарамета ва ўласнай бясьпецы. Відавочна, што злачынства зьдзейсьнена з мэтай запалохваньня як усяго насельніцтва, так і журналістаў у прыватнасьці».
27 лютага 2018 году Алена Прытула зьвярнулася да генпракурора Ўкраіны Юрыя Луцэнкі з заявай, у якой прасіла расьсьледаваць гэтую справу як тэракт, які прывёў да гібелі чалавека. Але да 1 жніўня Луцэнка на гэтую заяву не адрэагаваў — дасудовае расьсьледаваньне па ч.3 ст. 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны не распачатае. Паколькі Крымінальны працэсуальны кодэкс Украіны дазваляе абскардзіць такую бязьдзейнасьць генпракурора, цяпер Алена Прытула спрабуе дамагчыся ад Луцэнкі расьсьледаваньня справы як тэракту праз суд.
Амаль два гады расьсьледаваньня забойства Шарамета: ні падазраваных, ні доказаў, ні зачэпак
Праз два гады пасьля сьмерці вядомага беларускага, расейскага і ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета ягонае дзёрзкае забойства — падрыў аўтамабіля ў цэнтры Кіева — да гэтага часу не расьсьледаванае.
Ні выканаўцы, ні заказчыкі забойства не ўстаноўленыя. Асноўная вэрсія матыву забойства — прафэсійная дзейнасьць Шарамета, але яна ў сьледзтва не адзіная.