Суд апраўдаў блогера Пятрухіна за непадпарадкаваньне міліцыі, за якое ён ужо адбыў 3 сутак арышту
Суд Ленінскага раёну Берасьця спыніў адміністратыўную справу берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна. Яго вінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.
Судзьдзя Аляксандар Семянчук палічыў, што ў дзеяньнях Сяргея Пятрухіна ня было складу адміністратыўнага правапарушэньня. Сяргей Пятрухін заяўляў хадайніцтва аб адводзе судзьдзі, якое ня было прынятае. Пасьля гэтага блогер на знак пратэсту пакінуў судовую залю.
Да суду блогер казаў, што ня лічыць сябе вінаватым, бо ён «не аказваў ніякага непадпарадкаваньня міліцыянтам, а толькі хацеў дачакацца свайго адваката, ды азнаёміцца з санкцыяй пракурора, якую міліцыянты адмовіліся даць у рукі».
27 ліпеня да блогера Сяргея Пятрухіна зь ператрусам прыходзілі міліцыянты. Але Пятрухін не пусьціў іх у кватэру, настойваючы на прысутнасьці свайго адваката. Пасьля гэтага яго даставілі ў РАУС, дзе склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі. Выходныя Пятрухін правёў у ізалятары, у панядзелак яго меліся судзіць, але працэс быў перанесены на 1 жніўня.
Сяргей Пятрухін — вядомы берасьцейскі блогер, які займаецца тэмамі карупцыі, праблемамі, зьвязанымі з будаўніцтвам акумулятарнага заводу.
У ліпені супраць Пятрухіна завялі крымінальную справу за абразу. Заяву на блогера напісаў міліцыянт Мікалай Рабушка, пра якога Пятрухін выклаў пост у сацыяльных сетках.