• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі спынілі справу супраць блогера, які “апрануў” дырэктарку школы ў нацысцкую форму

    Гомельскі блогер Арцём Шапараў атрымаў ліст, у якім паведамляецца, што адміністрацыйная справа за прапаганду і распаўсюд нацысцкай сімволікі супраць яго спыненая. У звязку “з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці”, гаворыцца ў лісце за подпісам начальніка міліцыі Савецкага раёна Гомеля Андрэя Баранца.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/7f89219f-3182-493a-9cc8-a77f55ecb8a9_w1023_r1_s.jpg

    “Я думаю, што гэтая справа была заведзеная толькі дзеля таго, каб дзяржаўныя СМІ змаглі даць інфармацыю пад загалоўкамі, кшталту: блогера судзяць за прапаганду нацысцкай сімволікі”, – зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Арцём Шапараў.

    Паводле блогера, артыкул КаАП наконт прапаганды і распаўсюду нацысцкай сімволікі дакладна апісвае, што гэта такое: сцяг і герб Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі, гімн, эмблема, вымпел, нагрудны і апазнавальны знакі партыі, але ніяк не форма СС, якую ён скарыстаў у калажы ў дачыненні дырэктаркі гарадской сярэдняй школы № 3 Ніны Старажэнкі.  Блогер проста “адзеў” дырэктарку школы ў чорную нацысцкую ўніформу, зафарбаваўшы ў аватарцы да відэасюжэту ўсё непажаданыя сімвалы.

    Падзеі развіваліся наступным чынам. У траўні блогер Шапараў вырабіў відэасюжэт, у якім расказаў гісторыю шматдзетнай маці Антаніны Шайнюк – яна адна гадуе чатырох дзяцей. Яе сям’ю Ніна Старажэнка пагражала паставіць на ўлік як сацыяльна ненадзейную. Кіраўніцы школы не спадабалася, што маці чатырох дзяцей несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, яе дзяўчатак-школьніц часцяком даглядае бабуля, а ў кватэры беспарадак, абадраныя шпалеры ды адчуваюцца непрыемныя пахі ад хворай аўчаркі, якую дырэктарка школы настойліва раіла ўсыпіць.

    Шматдзетнай сям’і аказала фінансавую дапамогу Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, а гамельчукі сабралі грошы на аперацыю хворай аўчаркі. Сям’я расплацілася з запазычанасцямі і вылечыла сабаку.

    Тым часам кіраўніца школы палічыла, што блогер Шапараў абразіў яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Яна падала заяву ў Савецкі райаддзел міліцыі, але там не знайшлі пацвярджэння абразы. Справу перакваліфікавалі на артыкул 17.10 КаАП – прапаганда  і распаўсюд нацысцкай сімволікі. Застаўку да відэасюжэта міліцыя накіравалі на экспертызу. Вынікі яе разам з пратаколам аб адміністрацыйным парушэнні былі перададзеныя на разгляд у суд. 

    12 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу Арцёма Шапарава. Было прынята да ўвагі хадайніцтва блогера на парушэнне ягонага права на ўдзел у правядзенні экспертызы, зробленай, як лічыць Шапараў, аднабакова і няякасна.

    Праз два месяцы з моманту “апранання” дырэктаркі школы ў нацысцкую форму міліцыя цалкам спыніла адміністрацыйную справу супраць блогера.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці