Журналіст Дзмітрый Галко: «Я шакаваны запытам пракурора»
Дзяржабвінаваўца запатрабаў для журналіста Дзмітрыя Галко, які абвінавачваецца ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, 3 гады пазбаўлення волі.
Прысуд будзе агучаны 17 ліпеня.
— Прашу ўлічыць станоўчыя характарыстыкі Галко і ўлічыць, што ён не стаіць на уліках. У сувязі з гэтым прашу суд прызнаць Галко вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 364 і прысудзіць да трох гадоў пазбаўлення волі, — зачытала дзяржабвінаваўца.
Адвакат Галко падчас судовага паседжання зачытала некалькі характарыстык ад былых працадаўцаў падсуднага: некалькіх газет і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
— У характарыстыцы з «Эканамічнай газеты» гаворыцца, што да выканання сваіх службовых абавязкаў ставіцца адказна, дысцыплінаваны, ніякіх дыскусій, акрамя газетнай тэматыкі, не вёў. Характарыстыка з «Новага часу»: у газеце ён працаваў з 2009 па 2013 год, займаўся тэмай, звязанай з грамадзянскімі актывістамі, украінскай тэматыкай, трапіў ва Украіне ў палон, — зачытала адвакат.
Дзяржабвінаваўца зачытала дадзеныя следства. Згодна з імі, падсудны паказаў, што супраціўлення не аказваў, удары міліцыянтам не наносіў.
— Але з паказанняў сведкі Чыркова стала вядома, што Галко адчыніў дзверы ў стане алкагольнага ап’янення, а калі Чыркоў паказаў сваё пасведчанне, каб прайсці ў кватэру, Галко стаў хапаць яго за службовае абмундзіраванне, і абодва апынуліся на падлозе ў кватэры. Галко лаяўся нецэнзурна, выштурхваў Чыркова з пакоя. Абвінавачаны нанёс Чыркову ўдар па руцэ, калі той спрабаваў выклікаць па тэлефоне падмацаванне. Пасля гэтага ў пакой увайшоў сын Галко Ян і стаў наносіць удары Чыркову. Чыркоў зваліўся на падлогу і Галко ударыў яго яшчэ некалькі разоў. Чыркоў таксама бачыў, як Галко парваў куртку Казаноўскаму — той знаходзіўся ў цывільным адзенні, — зачытала дзяржабвінаваўца.
Дзмітрый Галко ў сваім апошнім слове яшчэ раз згадаў храналогію падзеяў 25 лістапада 2017 года.
— Я шакаваны запытам пракурора. Я б хацеў яшчэ раз вярнуцца да фактычнага боку справы, што тычыцца супярэчнасцяў у паказаннях Чыркова і Казаноўскага. Што тычыцца балкона, вялікага, на дзве кватэры, зашклёнага, з‑за якога нельга чуць выразную або невыразную гаворку. Наогул не ўпэўнены, што мэта візіту Чыркова ў кватэру была неяк звязана з тым, што ён пабачыў ці не пабачыў на балконе. Па словах міліцыянтаў я прапусціў іх у тамбур, а потым стаў у дзвярах кватэры. Калі б я быў настроены на нейкі канфлікт, я б зладзіў яго ў тамбуры, а не ў кватэры. У Казаноўскага і Чыркова паказанні не сыходзяцца: у першага згасае святло, калі я нешта раблю з Чырковым, другі на нешта адцягваецца ў гэты ж момант. Там вельмі шмат супярэчнасцяў, якія не сыходзяцца. У тым ліку, не сыходзяцца і паказанні пра тое, як Чыркоў апынуўся ў пакоі, што там адбывалася, як паводзілі сябе прысутныя. Як я нібыта біў Чыркова, не бачыў ніхто. Я не баязлівец, я чалавек смелы, я не люблю бегаць, таму я вырашыў вярнуцца з Украіны, спадзеючыся на справядлівы судовы працэс.
У нашай краіне вельмі шмат нас вучаць слухацца, мы стаім на чырвонае святло і гэтак далей. Чаму нас не вучаць, дык гэта як паводзіць сябе ў выпадку здзяйснення незаконных дзеянняў супраць нас. Я доўга думаў у СІЗА і турме, што я павінен быў рабіць у выпадку незаконнага ўварвання міліцыі ў свой дом?
Аказалася, што я проста страціў пільнасць і законапаслухмянасць проста разбурыла маё жыццё, калі я адкрыў дзверы гэтаму чалавеку. Застаецца драма: разбурылася кар’ера, застаецца адна жанчына з малалетнім на руках, яшчэ адна з непаўналетнім.
Суд пайшоў у дарадчы пакой. Прысуд будзе вынесены 17 ліпеня.