Брэсцкага фрылансера выклікаюць у міліцыю наконт рэпартажу, што з’явіўся пасля прэс-тура ГА «БАЖ»
Паводле словаў сябра ГА “БАЖ” Яўгена Скрабца, яму патэлефанавалі з Маскоўскага РАУС Брэста і паведамілі пра праверку, якая нібыта ладзілася ў Лунінецкім раёне з нагоды матэрыялу “З прыцэлам на перспектыву”, што з’явіўся на інтэрнэт-старонцы "Радыё Рацыя". У матэрыяле распавядаецца пра дзейнасць паспяховага лунінецкага фермера Уладзіміра Навіцкага.
“У першую чаргу ў мяне запыталі, ці маю акрэдытацыю на тэрыторыі РБ, адкуль я дасылаў гэты матэрыял і г. д., — распавёў Яўген Скрабец службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. — Пасля прапаноўвалі прыйсці ў РАУС і даць тлумачэнні, але я адмовіўся”.
Яўген Скрабец таксама адзначыў, што паведаміў свайму невядомаму суразмоўцу па тэлефоне, што працуе як фрылансер, і не можа дакладна ведаць, хто мог выкарыстоўваць яго матэрыял.
“Я таксама спытаў: “Адкуль у вас мой нумар тэлефона?”, на што суразмоўца адказаў, што мае свае рычагі, аднак хвалявацца не трэба, бо іншыя асобы пра гэта не даведаюцца”, — кажа сябра ГА “БАЖ”.
Якія будуць наступствы гэтай размовы, Яўген Скрабец пакуль не ведае.
Сустрэча журналістаў з фермерам Уладзімірам Навіцкім адбылася ў сярэдзіне чэрвеня падчас прэс-тура “БАЖ-Джэм — маркоўны фрэш”, які ладзіла Лунінецкая філія ГА “БАЖ”.