«Распаўсюднікі ілжывай інфармацыі застаюцца беспакаранымі» — Генпракуратура абмяркоўвае адказнасць ДАКУМЕНТ
«У сувязі з развіццём інтэрнэт-тэхналогій павялічыліся выпадкі распаўсюджвання ў інтэрнэце абразлівай, забароненай, недакладнай (ілжывай) інфармацыі, якая закранае дзяржаўныя інтарэсы, правы і свабоды грамадзян.
Пры гэтым, як правіла, дадзеная інфармацыя размяшчаецца пад выдуманымі персанальнымі дадзенымі (ананімна) на інтэрнэт-старонках, форумах і ў сацыяльных сетках», — гаворыцца ў адказе Генеральнай пракуратуры Беларусі на запыт ГА «БАЖ».
Паводле Генеральнай пракуратуры, распаўсюднікі такой інфармацыі часта застаюцца беспакаранымі за здзейсненыя правапарушэнні з прычыны немагчымасці высветліць іх персанальныя дадзеныя.
«Таму пытанне аб увядзенні адказнасці за размяшчэнне недакладных звестак у інтэрнэце прадстаўляецца актуальным і знаходзіцца ў стадыі абмеркавання», — паведамляе начальнік экспертна-прававога ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Віталь Бутрым.
Разам з тым, паводле чыноўніка, цяпер пракуратура абмяжоўваецца абмеркаваннем, а праекты нарматыўна-прававых актаў па гэтым пытанні пакуль не распрацоўваюцца.
Нагадаем, што першым пра магчымасць увядзення адказнасці за распаўсюд ілжывай інфармацыі ў інтэрнэце заявіў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк. Паводле слоў Канюка, разглядаецца варыянт увесці як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць.