«Брестcкий вестник» узнагародзілі за асвятленне экалагічнай тэматыкі. Выданне выступае за будаўніцтва акумулятарнага завода
Брэсцкія ўлады узнагародзілі лепшыя рэдакці СМІ і журналістаў. Недзяржаўныя выданні на ўрачыстасці не запрасілі
На філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна адбылася ўрачыстая цэрымонія, падчас якой падсумавалі вынікі конкурсу сярод рэгіянальных СМІ і журналістаў Брэсцкай вобласці, і адзначылі пераможцаў.
Сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных і рэгіянальных газет лепшым прызнана баранавіцкае дзяржаўнае выданне “Наш край”, а сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет дыпломы атрымалі “Навіны Камянеччыны” і “Лунінецкія навіны”.
У розных намінацыях атрымалі ўзнагароды больш за 20 журналістаў дзяржаўных выданняў.
Акрамя таго, спецыяльнымі дыпломамі адзначаны абласная газета “Заря” (за творчы праект для дзяцей і бацькоў “Лучик”), брэсцкая раённая газета “Заря над Бугом” (за творчы падыход у пошуку тэм і падачы матэрыялаў сельскагаспадарчай тэматыкі) і гарадская газета «Брестcкий вестник»(за актуальнасць, аператыўнасць і аналітычны падыход у асвятленні матэрыялаў экалагічнай тэматыкі).
Адзнака апошняга з пералічаных выданняў менавіта ў гэтай намінацыі вартая асаблівай увагі, бо «Брестcкий вестник» у друкаванай версіі і на сваёй інтэрнэт-старонцы паслядоўна абараняе планы будаўніцтва каля Брэста акумулятарнага завода, супраць якога выступаюць многія жыхары горада і ваколіцаў, бо лічаць гэтую будоўлю экалагічна небяспечнай.
Яшчэ некалькі гадоў таму незалежныя выданні брэсцкага рэгіёна і асобныя журналісты не толькі бралі ўдзел у аналагічных конкурсах, але і былі сярод пераможцаў.
«Цяпер улады ігнаруюць недзяржаўную прэсу і нават не запрашаюць на ўрачыстасці, каб можна было пабачыць, каго сярод калегаў прызналі лепшымі”, — адзначае галоўны рэдактар “Брэсцкай газеты” Віктар Марчук.
Увогуле ж штогадовы конкурс сярод рэдакцый рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў Брэсцкай вобласці ладзіўся ў 14‑ы раз. Месцам для ўрачыстасцяў філалагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна быў абраны з той нагоды, што чатыры гады таму тут было адчынена аддзяленне журналістыкі.