На беларускую журналістку міліцыя склала пратакол за фотарэпартаж з Непала
Незалежная журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова пабывала ў Гімалаях. Пасля вяртання яе наведаў участковы інспектар і склад адміністрацыйны пратакол.
Участковы інспектар Сяргей Прымакоў абвінаваціў журналістку ў працу без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» (Незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ, ч.2, артыкул 22.9 КаАП).
Фотарэпартаж быў змешчаны на сайце тэлеканала 16 траўня пад назвай “Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў”.
“У беларускіх міліцыянтаў дзіўная логіка: фотаздымкі я рабіла у Непале ў Гімалаях, падчас узыходжання на гару Манаслу, а мяне вінавацяць, што я, будучы неакрэдытаванай у Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляла прафесійную дзейнасьць як журналістка замежнага СМІ.
У Непале да мяне прэтэнзіяў не было, а ў роднай Беларусі з’явіліся. Так і хочацца паўтарыць словы з вядомага шлягера: “Адпусціце мяне ў Гімалаі”, — сказала Ларыса Шчыракова службе маніторынга ГА “БАЖ”.
Журналістка звяртае ўвагу на недарэчнасьць і іншых фармулёвак у адміністрацыйным пратаколе. Паводле ўчастковага Прымакова, яна нібыта размясціла “артыкул у выглядзе сюжэта ў эфіры тэлеканала”, хоць фотарэпартаж быў змешчаны толькі на сайце.
“І смех, і грэх. Але ж такую абракадабру суды разглядаюць усур’ёз і выносяць астранамічныя штрафы”, — дадае Шчыракова.
Калі суд Гомельскага раёна разгледзіць вышэйзгаданы міліцэйскі пратакол, пакуль невядома — позвы яшчэ няма.
Тым часам 6 ліпеня журналістку Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд — мусіць адбыцца суд ізноў-такі за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Ларысу абвінавачваюць у падрыхтоўцы сюжэта «Сёння ў бітумнай яме гіне жывёла, заўтра — людзі?”