Спецдакладчык ААН рэкамендуе захаваць міжнародны кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі
Адчувальнага прагрэсу ў вырашэнні сістэмных праблем у Беларусі не было дасягнута, таму неабходна захаваць міжнародны кантроль за сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне, заявіў спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці, прэзентуючы свой даклад 25 чэрвеня на сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе.
Харасці падкрэсліў, што гэта яго шосты даклад з 2012 года, калі ён быў прызначаны спецдакладчыкам па Беларусі. Гэта таксама яго апошні даклад, бо тэрмін паўнамоцтваў дыпламата ў якасці спецдакладчыка заканчваецца 31 кастрычніка гэтага года.
«Я б хацеў праінфармаваць вас аб прагрэсе з правамі чалавека за гэтыя шэсць гадоў, але яго не было, — сказаў Харасці. — На працягу шасці гадоў улады Беларусі не прадэманстравалі ніякіх пазітыўных зменаў па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека».
Дакладчык падкрэсліў, што ў сакавіку 2018 года праваахоўныя органы ўжывалі «рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў», пры гэтым былі затрыманыя перад і падчас Дня Волі «больш за сотню чалавек».
Ён адзначыў, што беларускія ўлады пасля вызвалення ў жніўні 2014 года палітвязняў працягнулі практыку арыштаў палітычных апанентаў. У Беларусі па-ранейшаму абцяжараная рэгістрацыя і праца палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, абмежаваныя правы на свабоду сходаў і асацыяцый.
Спецдакладчык выказаў занепакоенасць у сувязі з папраўкамі ў закон аб СМІ, якія «ліквідуюць рэшткі свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце».
Харасці адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць рэкамендацыі праваабарончых механізмаў ААН, а таксама Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.
У дакладзе згадваюцца блакаванне доступу да сайтаў belaruspartisan.org і charter97.org на падставе рашэння Мінінфарма, пераследы журналістаў і блогераў. Адзначаецца, што ў 2017 годзе на журналістаў было накладзена 69 штрафаў больш як на 25 тыс. еўра.