• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто паказаў праблему, таго і штрафуюць — шосты штраф Кастусю Жукоўскаму

    Суд Гомельскага раёна 4 чэрвеня пакараў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага максімальным штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – 50 базавых велічыняў, што складае 1225 рублёў.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/hato0604_01_zhukauski.jpg

    Гэта сёлета ўжо шосты штраф фрылансеру. Суддзя Тамара Застаўнецкая прызнала Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Падставай стаў відэасюжэт “На Гомельшчыне замоўчваюць экалагічную катастрофу?”, паказаны ў праграме “Аб’ектыў” 5 красавіка і ў тэкставым варыянце змешчаны на сайце.

    Пратакол склаў участковы інспектар райаддзела міліцыі Сяргей Прыманаў на падставе маніторынгу аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкма.

    Недавер і папярэджанне

    На пачатку разгляду адміністрацыйнага пратакола Жукоўскі заявіў, што незалежных судоў у Беларусі няма, але не супраць, каб справу разглядала суддзя Застаўнецкая. Фрылансер падаў пашпарт, назваў сябе. Калі суддзя папрасіла назваць яшчэ і хатні адрас, Жукоўскі адмовіўся гэта зрабіць публічна, спаслаўся на артыкул 27 Кастытуцыі. Палічыў, што агучаныя звесткі могуць яму нашкодзіць. Суддзя настойвала. Жукоўскі, у сваю чаргу, папрасіў Застаўнецкую паказаць пасведчанне суддзі, за што атрымаў папярэджанне: можа быць прыцягнуты да адказнасці за непавагу суда.

    Быў выказаны недавер суддзі, але Застаўнецкая яго адхіліла як беспадстаўны.

    Узнікла пытанне і з датай так званага “вырабу прадукцыі СМІ”. Абвінавачаны фрылансер заявіў, што ён не рабіў здымкаў пра сметнік у той дзень, які пазначаны ў міліцэйскім пратаколе.

    “Не ў той дзень, але ж рабілі?” – дапытвалася суддзя.

    Здымкаў БТ у сюжэце больш

    Паглядзеўшы відэасюжэт, скапіяваны міліцыяй  з сайта “Белсата”, Жукоўскі  ўдакладніў, што там сапраўды маецца “кавалачак” ягоных відэаздымкаў з вёскі Сцяг Працы Гомельскага раёна.

    “З БТ у сюжэце больш відэаздымкаў – трэба і ягоных супрацоўнікаў прыцягваць да адказнасці”, – казаў Жукоўскі.

    Фрылансер патлумачыў таксама, што не з’яўляецца  штатным карэспандэнтам “Белсата”. Відэаздымкі змяшчае ў адкрытым доступе на сваёй старонцы ў YouTube, дасылае ў розныя агенцтвы. Хто і дзе іх выкарыстоўвае пазней, не яго справа. Але рады, што выкарыстоўваюць.

    “Трэба прыцягваць да адказнасці тых, хто давёў вёску да экалагічнай катастрофы, а не таго, хто пра гэта расказаў”, – лічыць  Жукоўскі.

    Вада ў калодзежах стала бялёсай

    Жыхары вёскі Сцяг Працы, што пад Гомелем, больш як дзесяць гадоў змагаліся супраць сметнішча каля іхных дамоў. Замест таго, каб вывезці ўсе адкіды на адмысловы палігон і такім чынам зліквідаваць звалку, мясцовыя ўлады зрабілі бачнасць парадку: выкапалі катлаван да самай грунтовай вады і ссунулі ў яго бульдозерам усё смецце. Пасля прысыпалі хлоркай.

    Прыгожую карцінку ліквідацыі несанкцыянаванай звалкі паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. А тым часам вада ў калодзежах вяскоўцаў і без таго забружаная блізкім сметнішчам, стала цяпер яшчэ і бялёсай. Вяскоўцы б’юць трывогу – шлюць лісты ў Гомельскі райвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта.

    І як піша сайт “Белсата”, адказы атрымліваюць станоўчыя. Маўляў, дапаможам, вышлем з праверкай камісію. Аднак вынік пакуль нулявы.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці