Тэкст для інтэрнэту, сацыяльны рэпартаж — БАЖаўцы з Віцебшчыны і Магілёўшчыны вучыліся пад Полацкам
Паўтара дзясятка журналістаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны і Магілёўшчыны сабраліся разам на трэнінг “Тэкст для інтэрнэту. Сацыяльны рэпартаж”, які правяла Марына Загорская.
Яна вядомая не толькі як практыкуючая журналістка, але і як трэнер у некалькіх прафесійных галінах. Гэтым разам тэмы для двухдзённага трэнінгу былі выбраныя ці не самыя актуальныя.
Прыкладам, у сучасным свеце інтэрнэт — рэч адносна новая, нягледзячы на тое, што ўжо звыклая. І з гэтых ягоных асаблівасцяў лагічна вынікаюць дзве рэчы. Па-першае, ён мае свае правілы падачы інфармацыі, якія, дарэчы, час ад часу змяняе. А па-другое, вельмі часта сярэдняе і старэйшае пакаленні журналістаў, што вучыліся і пачыналі працаваць фактычна без сусветнага сеціва, з гэтымі правіламі знаёмыя толькі на інтуітыўным узроўні.
Віцебская журналістка Вікторыя Дашкевіч, якая працуе на “Зялёным партале”, перакананая, што навучаць асаблівасцям падачы звестак на інтэрнэт-сайтах трэба рэгулярна:
“Калі я працавала ў газеце “Віцебскі праспект”, у маёй падсвядомасці сядзела перакананне: толькі тое, што надрукавана на паперы, мае сапраўдную вагу. Цяпер мой інфармацыйны рэсурс наогул не мае друкаванай версіі і існуе толькі ў інтэрнэце. І на сёння гэта бачыцца нармальным і нават рацыянальным. Свядомасць змяняецца, а значыць — прыйшоў час змяняць і формы падачы матэрыялу, аптымізуючы яго да лічбавага ўспрымання. І проста цудоўна, калі ёсць магчымасць атрымаць веды пра прыдатныя для сеціва формы ад вопытнай і практыкуючай калегі. Калі тое, да чаго даходзіш самастойна за гады практыкі, табе прапануюць у чыстым выглядзе”.
Звесткі пра асаблівасці сацыяльнага рэпартажу як асобнага жанру журналістыкі таксама былі вельмі карысныя. Бо журналісты дастаткова часта асвятляюць сацыяльныя праблемы, і прапанаваныя Марынай Загорскай метады і прыёмы можна ўдала выкарыстоўваць на практыцы. Нават калі сацыяльны рэпартаж мае сваю спецыфіку, напрыклад, на радыё.
Радыёжурналістка з Глыбокага Таццяна Смоткіна перакананая, што падчас трэнінгу кожны ўдзельнік можа знайсці нешта карыснае менавіта для сябе:
“Сацыяльныя рэпартажы я раблю ў нашым фармаце, яны крыху адрозніваюцца ад класічных. Тым не менш, было вельмі цікава разбіраць прыклады сацыяльных рэпартажаў. Марына Загорская патлумачыла схему, як ён складаецца, мы пагаварылі пра ролю журналіста ў канве сацыяльнага рэпартажу, пра прыёмы: цытаты герояў, дэталі і іх апісанне, магчымасці да канца аповеду “трымаць інтрыгу” і гэтак далей. Мяне ўразіла, што для паўнавартаснага сацыяльнага рэпартажу Марына Загорская рэкамендуе правесці з героем некалькі дзён — каб сабраць пра яго і ягонае жыццё паболей звестак. На жаль, не заўжды ўмовы працы дазваляюць такі грунтоўны падыход”.
Падсумоўваючы вынікі, удзельнікі трэнінгу адзначылі, што навучанне ў падобным фармаце адпавядае выклікам часу: па-першае, журналістам з розных рэгіёнаў выпадае рэдкая магчымасць для непасрэдных стасункаў. А па другое, атрымліваецца істотная эканомія часу: не трэба самому “вынаходзіць ровар”, калі ў БАЖы ёсць свае выдатныя трэнеры, гатовыя дзяліцца прафесійным досведам з іншымі.