Карэспандэнта “Газеты Слонімскай” не пусцілі на прыём да міністра сельскай гаспадаркі
У сераду, 23 траўня, у Слоніме вёў прыём грамадзянаў міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц. Паслухаць, з якімі праблемамі слонімцы прыйдуць да міністра, у райвыканкам ды задаць свае пытанні выправілася і карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Ганна Валадашчук. Тым больш, што спытацца было пра што — у мясцовым РУСП “Новадзявяткавічы” днямі баставалі рабочыя і патрабавалі зняць з пасады кіраўніка гаспадаркі.
Аднак уваход у будынак выканкама пільна вартавала ахова.
“Сёння тут праводзіць прыём міністр, таму нельга праходзіць з фота- і радыётэхнікай,” — спыніла журналістку супрацоўніца аховы.
Было гэта ў 10.50. Прыём пачынаўся ў 11.00 гадзін. Пакуль на настойлівыя просьбы журналісткі прайсці ахова выклікала начальніка ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі Наталлю Юнчыц, было ўжо 11.15. Прыём у міністра пачаўся.
Юнчыц папрасіла Ганну Валадашчук пачакаць і пайшла, а калі вярнулася, то сказала, што прыём ужо ідзе, на ім ёсць журналісты і заходзіць цяпер будзе няёмка. Потым чыноўніца катэгарычна заявіла журналістцы, што можа прапусціць яе да міністра толькі… як прыватную асобу.
Прачакаўшы некалькі гадзін, пакуль ішоў прыём, карэспандэнт “ГС” паспела пагутарыць з вяскоўкай, якая прыехала на прыём да міністра. Як высветлілася пазней, вяскоўку да міністра таксама не дапусцілі — адправілі да намесніка страшыні райвыканкама.
Не атрымалася задаць міністру пытанні і карэспандэнту “ГС”. Больш падрабязна пра паход на прыём да міністра Зайца распавядае сама Ганна Валадашчук на сайце gs.by.
Фота з архіва “ГС”