Магілёўскі журналіст у пяты раз дамогся адмены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі
Гэтым разам пастанову старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Аляксандра Лескаўца аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава адмяніў намеснік пракурора горада Магілёва.
Пра чарговую адмену пастановы СК магілёўскаму журналісту Уладзіміру Лапцэвічу паведаміў суддзя Ленінскага райсуда Магілёва І. Шведаў. 2 траўня 2018 года Уладзімір Лапцэвіч накіраваў у суд Ленінскага раёна скаргу на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, вынесеную старэйшым следчым А. Лескаўцом 5 красавіка 2018 г. А. Лескавец, правёўшы дадатковую праверку, вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні супрацоўніка Ленінскага райвыканкама Магілёва Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара міліцыі Сяргея Калеснікава.
Нагадаем, што яшчэ 9 красавіка 2017 года супрацоўнік Ленінскага райвыканкама Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў райадміністрацыі журналіста агенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. У памяшканні павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна, і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН.
Журналіст лічыць, што чыноўнік і міліцыянт парушалі артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. Увесь гэты час Уладзімір Лапцэвіч дабіваецца прыцягнення да адказнасці чыноўніка і міліцыянта, якія перашкаджалі яму выконваць прафесійныя абавязкі.
Некалькі разоў Лапцэвіч звяртаўся з адпаведнымі заявамі ў Следчы камітэт, але атрымліваў адтуль толькі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні Канстанціна Кісцянёва і Сяргея Калеснікава. Пастановы следчых журналісту даводзілася абскарджваць у судзе Ленінскага раёна Магілёва, які іх адмяняў і накіроўваў для правядзення дадатковага расследвання назад у Следчы камітэт.
Пасля скаргаў Лапцэвіча за неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў былі прыцягнуты да адказнасці супрацоўнікі міліцыі і следчага камітэта, якія праводзілі праверку. Аднак крымінальнуя справа ў дачыненні да супрацоўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара міліцыі Сяргея Калеснікава пакуль нераспачатая.
“Пасля маіх зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі на некваліфікаваныя дзеянні следчых Другакова і Лескаўца, Другакоў быў папярэджаны аб недапушчальнасці паўтарэння даследчай праверкі, а Лескавец прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці. Аднак, як паказалі далейшыя падзеі, старшы следчы Лескавец не зрабiў належных высноў. 5 красавіка ён, правёўшы чарговую дадатковую даследчую праверку, вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Калеснікава і Кісцянёва. Прычым тэкст пастановы практычна ідэнтычны той, якая была адменена 26 сакавіка 2018 года кіраўніцтвам Магілёўскага МАСК”, — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч.
Такім чынам, пастановы следчых Магілёўскага МАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве журналіста на супрацьпраўныя дзеянні грамадзян Калеснікава і Кісцянёва адмяняліся пяць разоў. Двойчы яны былі адмененыя пракуратурай, двойчы — судом і адзін раз — кіраўніцтвам Магілёўскага МАСК. Тры апошнія адмененых пастановы былі вынесены старэйшым следчым Лескаўцом.
Па словах журналіста, у сувязі з тым, што кіраўніцтва Следчага камітэта ўжо на працягу некалькіх месяцаў не можа дамагчыся годнага выканання службовых абавязкаў ад сваіх супрацоўнікаў, зараз ён рыхтуе зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, бо кантроль за дзейнасцю Следчага камітэта ажыццяўляецца менавіта Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
У звароце Лапцэвіч будзе прасіць адміністрацыю прыцягнуць старэйшага следчага Магілёўскага МАСК Аляксандра Лескаўца да дысцыплінарнай адказнасці за непрафесійныя дзеянні пры правядзенні дадатковых праверак і абавязаць Магілёўскі МАСК правесці якасную ўсебаковую, поўную, аб’ектыўную і аператыўную дадатковую праверку па заяве журналіста, вынікі якой пасля яму не давядзецца абскарджваваць у судзе.