• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як віцебскі паэт стаў сатырыкам, папрацаваўшы журналістам

    Гаворка пра вядомага паэта Уладзіміра Папковіча, перакладчыка з нямецкай і выкладчыка Віцебскага дзяржуніверсітэта. Але мала хто ведае, што на пачатку 1990-х ён паўтара гады працаваў журналістам у газеце “Народнае слова”. Там і нарадзіўся новы герой вершаваных радкоў — Ахрэм Нядбайла, які пазней падарыў сваё імя аўтару сатырычных вершаў — у якасці псеўданіму.

    Уладзімір Папковіч

    Днямі Уладзімір Папковіч прэзентаваў у Віцебску свой новы паэтычны зборнік “Зазімак” — ужо 11-ты па ліку. Але ў даўгаватым ужо асабістым кніжным шэразе ёсць адно незвычайнае выданне: кніга гумарыстычных і сатырычных вершаў “Вы будзеце смяяцца”. І падчас прэзентацыі зборніка “Зазімак”, куды ўвайшлі выбраныя вершы Уладзіміра Папковіча розных гадоў, прысутныя на сустрэчы віцебскія БАЖаўцы не маглі не прыгадаць “Ахрэма Нядбайлу”.

    Менавіта дзякуючы журналістыцы ды газеце “Народнае слова” і нарадзіўся гэты герой, кажа ягоны “бацька” Уладзімір Папковіч:

    “Працуючы ў газеце, мне часта даводзілася знаёміцца з рознымі жыццёвымі гісторыямі, часам вельмі смешнымі. Яны запаміналіся, і нараджаліся рыфмаванкі. А іншым разам мяне пасылалі на нейкія нарады. Яны былі сумныя, доўгія, а напісаць адтуль трэба было ўсяго нейкія пару абзацаў. Тады таксама нараджаліся сатырычныя радкі: пра бюракратызм, пра пустую “гаварыльню”… А часам проста хацелася напісаць нешта вясёлае, каб пасмяшыць калег”.

    Калегі адразу палюбілі вершыкі пра смешнага, шчырага, хоць і крыху дзівакаватага  Ахрэма Нядбалу, які “хацеў за праўду пазмагацца/ У свеце рай адвечны ўсталяваць./Ды часу не было палітыкай займацца —/ Любіў Ахрэм на дзевак паляваць”.  А Уладзімір Папковіч, апрача як у “ахрэмінках”, працягваў высмейваць розныя з’явы рэчаіснасці ва ўсё новых чатырохрадкоўях, якія складаў на ўзор прыпевак.

    Знялі дурня аднаго

    Перад домам генія.

    Можа, дурасці ў яго

    Ад таго паменее?

    * * *

    Каб узяла цябе халера,

    Мужыка-функцыянера!

    Быў, гаворыць, на нарадзе,

    Сам па вушы

    У памадзе.

    * * *

    Мой Валодзя быў на сходзе

    Партыі, што ўжо не ў модзе.

    Я кажу Валодзю:«Годзе!

    Лепш шчыруй у агародзе!»

     

    І нават двухрадкоўі складаў такія, што ўсе ў рэдакцыі проста складаліся ад смеху:

     

    * * *

    Калі ідзеш да мэты напрасткі,

    Глядзі, не напарыся на сукі.

    * * *

    Мы весяліліся з каханым да начы…

    Як мне дамоў яго давалачы?

    * * *

    Працуе Ўладзя на харчовым складзе.

    Пры добрым раскладзе можа не сядзе.

    * * *

    Калі стваралі правілы маралі,

    Нязгодных жорсткай смерцю пакаралі.

    * * *

    Жыццё, як той трамвай:

    Заціснулі — трывай!

     

    Тагачасны рэдактар газеты “Народнае слова” Сяргей Рублеўскі настаяў, каб Уладзімір  Папковіч падрыхтаваў свае караценькія вершыкі для друку. А прыдуманае імя “Ахрэм Нядбайла” прыдалося ў якасці псеўданіма.

    «У разгары ж была перабудова, «бурапенны час», калі зрушваўся з месца, здавалася, каменна прыкуты ідэалагічны мацярык, перацярушваліся ў труху людскія лёсы пад усё тым жа поклічам пра шчаслівейшую долю. Не дай вам Божа жыць у пару перамен, — казалі ў свой час мудрэйшыя з мудрэйшых. Але ж Ахрэм Нядбайла якраз і зажыў той парою. Злёгку папікне каго, пад’ялдыкне, але ж не са злосці, а дзеля навукі…”, — напісаў у прадмове да зборніка Сяргей Рублеўскі.

    Праўда, кніжка “Вы будзеце смяяцца” выйшла з друку амаль праз 15 год пасля таго, як Уладзімір Папковіч сышоў з газеты, напоўніцу аддаўшыся пісьменніцкай ды выкладчыцкай справе. Няма ўжо і абласной газеты “Народнае слова”, дзякуючы якой “нарадзіўся” Ахрэм Нядбайла: 5 гадоў таму яе зачынілі разам з гарадскім выданнем “Віцебскі рбочы”, стварыўшы новае СМІ — “Витебские вести”.

    Але Ахрэм Нядбайла працягвае сваё існаванне! Найстарэйшы віцебскі паэт Уладзімір Папковіч на сваёй старонцы ў Face­book перыядычна згадвае гэтага персанажа, публікуючы сатырычныя радкі. Чытачы  ім заўсёды радуюцца — ніяк не менш, чым “сур’ёзным” вершам. У ліку прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Папковіча — і віцебскія БАЖаўцы, якія днямі павіншавалі паэта з выданнем новага зборніка.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці