• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста з Брэста зноў пакаралі штрафам па справе, ранейшае рашэнне па якой абласны суд адмяніў

    Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская прызнала сябра ГА “БАЖ” Алеся Ляўчука вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і аштрафавала на 25 базавых велічынь (612,5 рублі).

    Алесь Ляўчук

    Падставай для пакарання з’явілася тое, што 3 студзеня 2018 года Алесь Ляўчук “незакона вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі”. Паводле высноваў суда, у гэты дзень Ляўчук, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, браў інтэрв’ю у грамадзян на вуліцы Шаўчэнкі ў Брэсце, пасля чаго размясціў публікацыю на сайце спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

    Адмінстрацыйны пратакол па гэтай справе быў складзены супрацоўнікам Маскоўскага РАУС Брэста Раманам Трафімуком, а суддзя Раман Корбан пакараў сябра ГА “БАЖ” штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

    Пазней Алесь Ляўчук абскардзіў вырак у Брэсцкім абласным судзе. І абласны суд  адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі. У выніку справа незалежнага журналіста зноў трапіла у суд Маскоўскага раёна, дзе Ляўчука пакараў ўжо іншы суддзя. 

    Варта заўважыць, што ў абодвух выпадках суд адбываўся без удзелу журналіста. Калі на першае судовае пасяджэнне Алеся Ляўчука ў апошні момант выклікалі з дапамогай sms-паведамлення (трапіць на разгляд сваёй справы сябра ГА “БАЖ” не паспеў), дык на паўторны суд запрашэнне прыйшло ўжо праз Viber.

    “Тое, што адбываецца, нагадвае нейкі серыял накштат “Санта Барбары”, — распавёў Алесь Ляўчук службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. — Супрацоўнік міліцыі Раман Трафімук падрабляе пратакол, мяне неналежным чынам выклікаюць у суд, але ўсё роўна робяць вінаватым. І, нават нягледзячы на тое, што абласны суд адмяняе гэта рашэнне, праз пяць месяцаў пасля з’яўлення сюжэту на “Белсаце” мяне зноў штрафуюць”.

    Паводле словаў журналіста, ён будзе зноў звяртацца абласны суд з касацыйнай скаргай наконт новага рашэння.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці