АБСЕ аб прысудах белсатаўцам: Гэта падрывае свабоду медыяў
Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе медыяў Арлем Дэзір выразіў сваё расчараванне і занепакоенасць у сувязі з ужываннем санкцыяў у адносінах да журналістаў, што працуюць без акрэдытацыі ў Беларусі.
Пра гэта паведамляецца на сайце Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
«Гэтая паралізуючая практыка фактычна забараняе журналістам паведамляць пра праблемы, якія ўяўляюць грамадскі інтарэс, і аказвае негатыўны ўплыў на плюралізм і свабоду медыяў у Беларусі. Учорашнія судовыя рашэнні супраць шасці журналістаў-фрылансераў зноў падкрэсліваюць пільную неабходнасць вырашэння праблемы», – заявіў Арлем Дэзір.
7 траўня Цэнтральны раённы суд Менску аштрафаваў Любоў Лунёву, Сяргея Краўчука, Марыю Арцыбашаву, Ірыну Арахоўску, Кацярыну Андрэеву і Алеся Баразенку за «працу без акрэдытацыі».
Дэзір заклікаў улады Беларусі неадкладна ўнесці змены ў закон аб СМІ і прадаставіць усім журналістам бесперашкоднае права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю, і ў гэтай сувязі прапанаваў юрыдычную дапамогу свайго ўпраўлення.
«Журналісты пастаянна сутыкаюцца са штрафамі за сваю працу, Беларусь усталявала трывожную тэндэнцыю, у выніку чаго сітуацыя са свабодай прэсы пагоршылася», – заявіў Арлем Дэзір.
Ён адзначыў, што акрэдытацыя мае палягчаць працу прэсы, а не выкарыстоўвацца ў якасці інструмента адміністратыўнага ціску.