На «Талацэ» збіраюць сродкі на помнік вядомаму пісьменніку Алесю Адамовічу
Сабраць трэба 4 тысячы долараў. Краўдфандынгавая кампанія абвешчана на платформе “Талака”.
Ініцыятар збору сродкаў — бабруйчанін Андрусь Архіпенка. У студзені бягучага года ён сабраў больш за 600 подпісаў за ўсталяванне бюста Адамовіча. Тады Андрусь выйшаў з падпіснымі лістамі на вуліцы Бабруйска, каб нагадаць жыхарам горада пра славутага земляка і прапанаваць падтрымаць ініцыятыву па ўсталяванні помніка пісьменніку ў ягонай роднай Глушы.
Адначасова была адкрытая анлайн-петыцыя, якую падпісаў 331 чалавек.
У красавіку сваю згоду на ўсталяванне помніка дало Міністэрства культуры.
Макет будучага бюста вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Паўнавартасны помнік і ягонае ўсталяванне будуць каштаваць 8 тысяч беларускіў рублёў. Збор будзе працягвацца 45 дзён. Усе ахвярадаўцы атрымаюць падзяку і асабістае запрашэнне на адкрыццё помніка.
Разам з усталяваннем бюста Андрусь вырашыў зрабіць у Глушы “Прыпынак Алеся Адамовіча”, перарабіўшы звычайны аўтобусны прыпынак у арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку. Цяпер ідзе прыём заявак на конкурс праектаў будучага прыпынка, які працягнецца да 23 траўня. Падрабязнасці можна даведацца на сайце адамовіч.бел.
Распачаўся прыём заявак на конкурс па стварэнні арт-аб’екта “Прыпынак Адамовіча”
Алесь Адамовіч — беларусі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года. Дзяцінства правёў у Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронту. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў сустаршынём Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобылю». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» ды іншыя.
Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна.