• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар «Бабруйскага кур’ера” Анатоль Санаценка напісаў раман пра лёс незалежных СМІ Беларусі

    Прэзентацыі рамана Анатоля Санаценкі прайшлі 3-га траўня ў Мінску ў “Прэс-клубе” , 5-га траўня — у Бабруйску ў тайм-клубе “1387” і 7-га траўня ў Бабруйску ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

    Даты, у якія аўтар прадставіў свой раман “Невероятные приключения Вацлава Принципа или Бобруйск и его жЫвотные» чытачам, былі абраныя невыпадкова. 3‑га траўня — Міжнародны дзень свабоды прэсы, 5‑га — Дзень друку, а 7‑га — Дзень радыё і тэлебачання. Асноўная ж сюжэтная лінія кнігі — 25-гадовая гісторыя незалежных СМІ ў Беларусі, у прыватнасці — у Бабруйску.

    Таксама свой рамана спадар Санаценка называе “хронікай журналістыкі, што пікіруе”. Ягоны жанр аўтар вызначае як “раман-трансформер-трэвел-комікс”.

    Падчас прэзентацый Анатоль Санаценка распавядаў пра гісторыю стварэння рамана і зачытваў урыўкі.

    Галоўны герой рамана — рэдактар газеты “Предпоследние новости” Вацлаў Прынцып. Ён пастаянна трапляе ў драматычныя, смешныя, а часта — камічныя сітуацыі, якія стварае беларуская рэчаіснасць. Як распавёў Анатоль Санаценка, раман заснаваны на рэальных падзеях і таму шмат у чым аўтабіяграфічны.

    “Каля 97 % таго, што напісана ў кнізе — гісторыі невыдуманыя, — кажа аўтар. — Хоць і цяжка паверыць, што такое можа адбывацца, што, напрыклад, у тэатры, куды ты ідзеш на канцэрт, цябе сустракае не традыцыйная вешалка, а нарад АМАПу”.

    Раман пачынаў пісацца некалькі гадоў таму, але спачатку былі асобныя фельетоны. У той момант, паводле Анатоля Санаценкі, “гэты раман сам сябе яшчэ не мог усвядоміць раманам”. А потым паступова серыя фельетонаў, што друкавалася ў “Бабруйскім кур’еры”, на сайце “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, на “Медыякрытыцы” навялі аўтара на думку, што трэба рабіць з гэтага ўсяго штосьці больш сур’ёзнае.

    Госці прэзентацый зазначалі, што слухаючы спадара Анатоля, узгадвалі Жванецкага, ягоны гумар і стыль.

    Адным з пытанняў з залі да аўтара было: “Што вы будзеце рабіць, калі ў Беларусі вас пазбавяць статуса пісьменніка, як ўжо даўно спрабуюць пазбавіць статуса журналіста?”.

    “Тыя, хто спрабуе гэта зрабіць і перашкаджаюць нам працаваць, няхай яны сыходзяць з нашага шляху, — адказаў Анатоль Санаценка. — Я працягну займацца тым, чым займаюся, нягледзячы ні на што”.

    Пасля прэзентацый госці маглі атрымаць новы раман і папярэднія кнігі аўтара з ягоным аўтграфам.

    Анатоль Санаценка — пісьменнік, журналіст, галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”, сябра беларускага ПЭН-цэнтру, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, у тым ліку — зборніка “Вяртанне на Радзіму”, што выйшаў у 2016 годзе, а таксама перакладаў на беларускую вершаў Гіёма Апалінэра.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці