Амбасадар Фіёна Гіб: Мы ад сакавіка спрабуем сустрэцца з міністрам інфармацыі Карлюкевічам
Амбасадар Велікабрытаніі Фіёна Гіб падчас сустрэчы з журналістамі, прысвечанай Сусветнаму дню свабоды прэсы, заявіла, што Велікабрытанія ўважліва сочыць за сітуацыяй у галіне медыя ў Беларусі.
— Я ведаю, што ў Палаце прадстаўнікоў цяпер разглядаюцца папраўкі ў заканадаўства аб СМІ. Аднак я недастаткова ведаю тэкст законапраекта, каб каментаваць яго.
З сакавіка мы спрабуем арганізаваць сустрэчу з міністрам інфармацыі Беларусі, каб абмеркаваць гэта пытанне. На жаль, пакуль нам не атрымалася дамовіцца пра такую сустрэчу.
Велікабрытанія ўважліва сочыць за сітуацыяй са свабодай прэсы ў Беларусі. Мы звярталі ўвагу на затрыманні журналістаў 25 сакавіка мінулага года. Таксама затрыманні журналістаў паўтарыліся 25 сакавіка ў гэтым годзе.
Журналісты ў Беларусі рэгулярна вымушаныя аплочваць штрафы, на іх аказваецца ціск, каб яны не публікавалі пэўныя артыкулы. Мы заклікаем да правядзення дэмакратычных рэформаў у краіне і стварэння нармальных умоваў для свабоднай і незалежнай прэсы.
На нашы мерапрыемствы мы заўсёды запрашаем прадстаўнікоў і дзяржаўных, і недзяржаўных СМІ. У бліжэйшы час у нас плануецца азнаямляльная паездка ў Велікабрытанію, і мы плануем запрасіць туды як прадстаўніка БЕЛТА, так і прадстаўнікоў недзяржаўных медыя.
Што тычыцца сённяшняй афіцыйнай выставы “СМІ ў Беларусі”, нас запрашалі арганізаваць брытанскі стэнд на выставе, але мы адмовіліся. Мы спыталі ў Міністэрства інфармацыі, хто быў запрошаны на гэту выставу. Міністэрства інфармацыі заявіла, што накіроўвала запрашэнні ўсім медыя, аднак незалежныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі нам, што ніякіх запрашэнняў не атрымалі.
Разам з тым перамовы працягваюцца, а сітуацыя са свабодай прэсы з’яўляецца адной з тэмаў штогадовага дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю.
Сустрэча амбасадара з журналістамі адбылася 3 траўня ў Прэс-клубе «Беларусь».