Фатографа выклікалі ў міліцыю за здымак з дзяўчатамі, які ім не спадабаўся
Міліцыя праводзіць праверку паводле заявы жыхаркі Віцебска, якая трапіла ў кадр фатографа і лічыць гэта парушэннем таямніцы прыватнага жыцця.
Сяргея Серабро, фатографа і заснавальніка сайта “Народныя Навіны Віцебска” выклікаў для гутаркі ўчастковы інспектар Максім Бабахін.
Падзеі, пра якія супрацоўнік міліцыі распытваў Сяргея Серабро, адбыліся 9 красавіка. У той дзень на сайце “Народныя Навіны Віцебска” з’явіўся артыкул з фотаздымкамі, якія ілюструюць незвычайна высокі ўзровень вады ў Дзвіне. На адным з іх відаць, што вада падтапіла набярэжную: трое дзяўчат стаяць на борціку-парэнчах, які ўзвышаецца над хвалямі менш як на паўметры.
Пасля таго, як адзін з віцебскіх паблікаў перадрукаваў гэты матэрыял, увагу каментатараў у сацыяльных сетках прыцягнула не сама прыродная з’ява, а знешнасць дзяўчат у кадры. Адна з іх, Вікторыя Ш., спачатку запатрабавала, каб Сяргей Серабро выдаліў фотаздымак з артыкула. А калі аўтар не пагадзіўся, напісала заяву ў міліцыю.
Паводле Сяргея Серабро, сам участковы інспектар не дужа зразумеў сітуацыю, даведаўшыся пра прэтэнзіі дзяўчыны.
“Міліцыянт спытаўся, ці была гэта фотасесія. Бо яму падалося, што я кагосьці фатаграфаваў, а потым без дазволу выклаў у інтэрнет чужыя здымкі. Давялося тлумачыць, што адмысловага фатаграфавання не было, што дзяўчаты трапілі ў кадр практычна выпадкова – не прасіць жа людзей пакінуць упадабанае імі месца, каб сфатаграфаваць узровень вады! Участковы запісаў мае аргументы ў бланку, дзе было напісана “прафілактычная гутарка”. На гэтым размова скончылася”, — распавёў Сяргей Серабро.
Вікторыя Ш. ухіляецца ад размоваў з віцебскімі прадстаўнікамі ГА “БАЖ”, якія хацелі б удакладніць яе пазіцыю. Раней яна заявіла, што хоча прыцягнуць фатографа да крымінальнай адказнасці паводле арт. 179 «Незаконны збор або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё».
Сяргей Серабро не бачыць у гэтым аніякіх падставаў: здымак быў зроблены ў грамадскім месцы, ракурс на ім такі, што ідэнтыфікаваць асобаў практычна немагчыма. Да ўсяго, дзяўчаты не пярэчылі, калі іх фатаграфавалі. І фатограф не мусіць несці адказнасць за змест каментароў у сацыяльных сетках.
Юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў таксама перакананы, што прэтэнзіі, якія базуюцца на выкарыстанні артыкула 179 КК РБ, беспадстаўныя: фотаздымак зроблены ў публічным месцы, адкрытым для масавага наведвання, і ніякай таямніцы прыватнага жыцця не раскрывае.