Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права: aбаронім немаёмасныя правы, каб змагацца з дэзінфармацыяй
— Кожны мае патрэбу ў надзейнай інфармацыі і спосабах барацьбы з дэзінфармацыяй, і гэта вымагае паўнавартаснай абароны немаёмасных правоў аўтараў, — заявілі Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (МФЖ і ЕФЖ) ў Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, які адзначаецца 23 красавіка.
Большая частка сённяшніх дыскусій пра СМІ засяроджана на пытаннях барацьбы з дэзінфармацыяй і так званымі «сфабрыкаванымі навінамі». Але — да гэтага часу – мала ўвагі надаецца абмеркаванню заканадаўчых захадаў або ўдасканаленых медыйных практык для ўмацавання і абароны аўтэнтычнасці журналісцкіх твораў праз забеспячэнне немаёмасных правоў журналістаў.
«Згодна з логікай “выразаць і ўставіць” анлайн-навін, нашы матэрыялы можна змяняць і выкарыстоўваць у іншым месцы без магчымасці для аўтара запярэчыць такому выкарыстанню», заявіў Энтані Беланджэр, генеральны сакратар МФЖ. «Мы таксама бачым матэрыялы, не падпісаныя іх аўтарамі, што робіць немагчымай праверку сапраўднасці крыніцы і не дазваляе вырашыць, ці можна давяраць такому матэрыялу».
Аўтарскія правы журналістаў уключаюць у сябе эканамічныя правы — права на атрыманне платы за выкарыстанне твораў, а таксама немаёмасныя правы — права менавацца аўтарам і процідзейнічаць скажэнню свайго твора.
«Мы апынаемся ў сітуацыі, калі шырокая грамадскасць абмяркоўвае так званыя сфабрыкаваныя навіны і забывае ўлічыць той факт, што адсутнасць аўтэнтыфікацыі журналісцкіх твораў у Інтэрнэце ёсць вялікай часткай праблемы», — адзначыў прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б’ерэгард.
МФЖ і ЕФЖ заклікае да сусветнага руху за аўтэнтыфікацыю журналісцкіх твораў з іх аўтарамі і заклікае СМІ зрабіць гэта звычайнай практыкай у сваіх рэдакцыях.
Для таго, каб адзначыць Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, журналісцкія асацыяцыі, якія ўваходзяць у федэраці, будуць распаўсюджваць лагатып “немаёмаснае права” МФЖ і ЕФЖ як сімвалічны заклік да цвёрдай абароны немаёмасных правоў журналістаў па ўсім свеце.