У Гродне паказалі фільм пра моладзевы субкультурны рух 1980‑х
У Гродне адбыўся прэм’ерны паказ фільма “TLP супраць”, які распавядае пра моладзевыя рухі ў горадзе на пачатку 1980 гадоў.
Фільм быў зняты па-польску і будзе паказаны на адным з каналаў польскага тэлебачання. Аўтар і рэжысёр фільма — незалежны журналіст Ігар Банцар, аператары — Андрэй Фралоў і Аляксандр Саенка.
— У 80‑я гады ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне сувязі з Польшчай былі больш моцныя. Людзі ездзілі хто ў адпачынак, хто да знаёмых, хто гандляваць, і як вынік — сюды вярталіся не толькі з новым досведам, але і з цікавымі культурнымі тэмамі. Сюды прывозілася польская музыка, польская культура, арыентаваная на Захад. Гэта было нешта такое выключнае, нетыповае для Савецкага Саюза, — расказвае Ігар Банцар.
— Наколькі на Гродзеншчыне былі пашыраныя рухі TLP i HMR?
— Я б акрэсліў горад Гродна, як лакальны асяродак, куды моладзь прыязджала вучыцца. А ў выходныя вярталася ў вёску, у малыя гарады і паказвала сябрам свае музычныя цікавосткі. Хлопцы і дзяўчаты 1980‑х распавядалі сваім сябрам пра тое, якую музыку яны чулі, якую кружэлку набылі. Гродна заўсёды вылучаўся сваёй празаходняй пазіцыяй. Не будзем сябе падманваць, але гэты рух быў абмежаваны, быў моладзевай субкультурай. У сённяшняй Беларусі мы маем магчымасць пафарбаваць сабе валасы, зрабіць дзірку ў носе — ніхто не абмяжоўвае. А ў савецкі час пазіцыянаваць сябе як прыхільніка польскай музыкі і яшчэ з такімі польскімі знакамі, як бел-чырвоны сцяг і польскі арол — гэта было вельмі моцна. Гэта можа быць не зразумела для сучаснай моладзі. Шкада, цяпер ніхто не можа ацаніць уплыў тых субкультурных асяродкаў на наступныя пакаленні.
— Якія цяжкасці былі падчас здымкаў фільма? Ці цяжка было знайсці герояў, людзей, якія былі аматарамі рухаў 1980‑х?
— Гэта было вельмі цяжка. Некаторыя людзі памерлі — большасці ўдзельнікаў гэтага руху ўжо за 50–60 год, некаторыя з’ехалі ў іншы горад або эмігравалі. А частка людзей папросту не захацела размаўляць на гэтую тэму. Іх адказ быў наступны: я працую на дзяржаўнай працы і я баюся, што гэта будзе на польскім тэлебачанні, навошта польскую тэму закранаць, дайце дапрацаваць да пенсіі. І гэта людзі, якія 30 год таму стваралі атмасферу горада, пра які мы кажам, што Гродна — маленькі Парыж.
На сустрэчу прыйшлі некалькі герояў фільма. Яны правялі невялікую дыскусію са спадзёвам, што праз некаторы час паўстане ўжо большы мастацкі фільм, прысвечаны моладзевым рухам 1980‑х. Прэзентацыя фільма адбылася ў памяшканні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, якое і было спонсарам стварэння фільма.