Журналіст прапанаваў правесці бясплатныя курсы беларускай мовы для работнікаў суда, бо тыя робяць мноства памылак у дакументах
Нагодай прапанаваць адукацыйныя паслугі стаў пратакол судовага пасяджэння, кажа журналіст Віталь Скрыль. Падчас суда, калі разбіралася ягоная справа за матэрыял, паказаны на “Белсаце”, ён размаўляў па-беларуску. Пазней, азнаёміўшыся з пратаколам, хлопец заўважыў у ім безліч памылак.
Віталя Скрыля і Уладзіміра Лунёва асудзілі да штрафаў 22 лютага, абвінаваціўшы ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП. Падчас падрыхтоўкі да абскарджання ў абласным судзе Віталь вырашыў яшчэ раз азнаёміцца з матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы і пераканаўся, што ягоныя словы ў пратаколе пасяджэння часам былі перададзеныя ў скажоным выглядзе.
“Як дыпламаваны спецыяліст у галіне беларускай мовы — у 2014 годзе я скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)» — я бачу шэраг граматычных, семантычных ды арфаграфічных памылак у перадачы маіх думак сакратаркай суда. Я размаўляў падчас працэсу на роднай мове, якой карыстаюся і ў паўсядзённым жыцці. Суддзя Ілля Белавус дэманстраваў, што ў яго няма праблем з тым, каб мяне зразумець: не звяртаўся да паслуг перакладчыка, амаль не перапытваў і не прасіў патлумачыць, што я кажу. Але ў пратаколе мае выказванні былі зафіксаваныя не дакладна, а як вольны пераказ у тым аб’ёме, у якім мяне здолела зразумець сакратарка”, — кажа Віталь Скрыль.
Мажліва, у некаторых выпадках сакратарка нешта не пачула, аднак збольшага памылкі ў тэксце можна патлумачыць выключна непісьменнасцю і невалоданнем у належным аб’ёме дзяржаўнай беларускай мовай, мяркуе хлопец. І падкрэслівае: гэта супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. Бо ў ім сцвярджаецца, што работнікі дзяржаўных органаў мусяць валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў.
Таму журналіст прапанаваў праверыць персанал суда Кастрычніцкага раёна Віцебска наконт таго, ці валодаюць супрацоўнікі дзяржаўнай беларускай мовай на належным узроўні. Але не з мэтай пакараць “адстаючых”, а каб арганізаваць для іх адпаведнае навучанне.
У якасці выкладчыка на такіх курсах Віталь Скрыль прапанаваў сваю кандыдатуру. Прычым заўважыў, што гатовы працаваць бясплатна і ў любы час, зручны для абодвух бакоў.
Днямі журналіст на сваю прапанову атрымаў катэгарычную адмову. У лісце за подпісам старшыні Кастрычніцкага райсуда Алены Папковай яму паведамілі, што “довады аб правядзенні праверкі ведаў работнікамі суда правераны, падстаў для пазачарговай праверкі не маецца”. Што прапанова ў вывучэнні беларускай мовы прынятая да ведама, і што яна кваліфікавана судом як звычайныя заўвагі на пратакол.
Паколькі заўвагі да пратакола прымаюцца цягам трох сутак пасля яго падпісання, як сказана ў лісце, то ініцыятыва журналіста “пакінута без разгляду па сутнасці”.