Намеснік міністра інфармацыі параўнаў ідэнтэфікацыю каментатараў у інтэрнэце з набыццём дысконтнай карткі ў краме
Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі ў інтэрв’ю «Народнай Волі» пракаментаваў ідэнтыфікацыю каментатараў, якая прадугледжана новым Законам аб СМІ.
«Уладальнік рэсурсу павінен ведаць, хто ў яго на форуме і ў якіх выразах каментуе. Гаворка ідзе не пра тое, што форуме павінны зʼяўляцца пашпартныя звесткі. Не. Чалавек можа зʼяўляцца пад «нікам», але ва ўладальніка рэсурсу з ім павінна быць зваротная сувязь.
Мы сёння ў крамах, атрымліваючы дысконтную картачку, запаўняем анкеты, дзе ўтрымліваюцца персанальныя звесткі. І я не бачыў, каб нехта моцна абураўся гэтым фактам! Так і тут: ва ўладальніка інтэрнет-рэсурсу павінны быць звесткі аб каментатарах», – сказаў Лёгкі.
Таксама «сенатарка» Савета Рэспублікі і рэдактарка газеты «Пінскі веснік» Вольга Леўчанка заявіла, што змены ў Закон аб СМІ «будуць спрыяць больш карэктнай падачы інфармацыі ў інтэрнэце».
Паводле яе словаў, усе навацыі закона адпавядаюць як інтарэсам дзяржавы і грамадства, так і звычайнага карыстальніка.
«Прапанаваныя змены, на мой погляд, будуць спрыяць больш карэктным і цывілізаваным зносінам у інтэрнэце, падачы інфармацыі», –цытуе яе БелТА.
На думку Леўчанкі, новы закон аб СМІ дазволіць «стварыць прававое поле роўных магчымасцяў і ў той жа час роўнай адказнасці для традыцыйных і інтэрнэт-СМІ».
«Іншымі словамі, усе будуць у аднолькавых умовах, што мяне не толькі як чальца Савета Рэспублікі, а яшчэ і рэдактара друкаванага СМІ не можа не цешыць», – дадала яна.
Нагадаем, чакаецца, што першыя слуханні законапраекту пройдуць 19 красавіка. Паводле яго, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў у каментарах і на форумах. Акрамя таго, дакумент прыраўняе супрацоўнікаў інтэрнэт-рэсурсаў да журналістаў традыцыйных СМІ. «Сеткавымі выданнямі», згодна з законапраектам, будуць лічыцца інтэрнэт-рэсурсы, якія прайшлі добраахвотную дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі. Калі ж яны адмовяцца ад рэгістрацыі, то статусам СМІ яны валодаць не змогуць, а іх супрацоўнікі не будуць зʼяўляцца журналістамі.