У журналіста з Глыбокага маюць адбыцца два суды
Гэтым разам у Глыбокім капітан міліцыі Сяргей Цырбан склаў адразу два пратаколы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Змітра Лупача за парушэнне артыкула 22.9 КаАП.
Падставай сталі відэасюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” і каментар, які журналіст узяў у эксперта Валера Катовіча для матэрыяла пра ваўкоў.
На пытанне Змітра, калі справу накіруюць у суд, міліцыянт адказаў, што над ім маюць адбыцца аж два суды.
Сёння Зміцер Лупач паехаў працаваць на сход у Лынтупы, дзе разглядаецца пытанне статусу пасёлка Лынтупы. З’ехалася начальства Пастаўскага раёна, міліцыянты, прыйшлі людзі. Але і там адбыўся інцыдэнт.
Кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік не дапусціў Лупача на гэты сход, заявіўшы, што тут у іх свая прэса, а ў Змітра няма акрэдытацыі.
Але журналіст усё ж застаўся ў Лынтупах, каб пасля сходу паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі пра яго вынікі.
Справа ў тым, што пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна хочуць надаць статус вёскі. Гарадскім пасёлкам ён лічыцца з 1967 года, цяпер там жыве каля паўтары тысячы чалавек. У мястэчку ёсць школа, аптэка, міліцыя, лясніцтва, нават метэастанцыя. Мясцовыя жыхары хвалююцца, што з наданнем статусу вёскі, усё можа прыйсці ў заняпад і некаторыя людзі пазбавяцца працы. А яе знайсці ў невялікім мястэчку цяпер вельмі складана.
Тэлеканал “Белсат” ужо рабіў сюжэт па гэтай праблеме, і людзям было б цікава ўбачыць яе вырашэнне на незалежным тэлеканале.