• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі аблсуд пакінуў у сіле пакаранне журналістаў, якія бралі інтэрв’ю ў аршанцаў

    Віталю Скрылю і Уладзіміру Лунёву не ўдалося аспрэчыць штрафы, вынесеныя  Кастрычніцкім райсудом Віцебска за відэасюжэт на тэлеканале “Белсат”.

    Касацыйныя скаргі разглядала суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана  Іванова.  

    Яна  ўсміхалася, ківала галавой, нібыта ўсё разумела, але вынік той жа, апавёў Віталь Скрыль: “Суддзя сказала, што ў Канстытуцыі ёсць іншыя артыкулы, якія аспрэчваюць працытаваны намі – пра права на атрыманне інфармацыі. Але прыкладаў не прывяла. Сказала, што мы карыстаемся заканадаўствам у сваіх мэтах – выбіраем тое, што нам падыходзіць, каб абараніцца. Падчас разгляду скаргі зноў гаварылася толькі пра тое, што мы апытвалі жыхароў Оршы.  Але гэта не з’яўляецца прыкметай вырабу прадукцыі СМІ, пра які гаворыцца ў артыкуле 22.9. А нашыя заўвагі пра тое, што фізічныя асобы не могуць быць асуджаныя па гэтым артыкуле, бо толькі юрыдычная асоба можа вырабляць і распаўсюджваць прадукцыю СМІ, таксама былі марныя”.

    Нагадаем, што 22 лютага суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Ілля Белавус  прызнаў Уладзіміра Лунёва і Віталя Скрыля вінаватымі “ў вырабе фрагмента” матэрыяла СМІ. Менавіта так было запісана ў пратаколе, складзеным супрацоўнікамі Аршанскага РАУС, якія распачалі адміністрацыйную справу пра парушэнне часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

    Пратаколы на У. Лунёва і В. Скрыля  склалі пасля з’яўлення на сайце  belsat.eu матэрыяла  “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”. У відэасюжэце, прысвечаным мінулагодняму “маршу недармаедаў”, распавядалася пра нізкія заробкі ў райцэнтры і праблему беспрацоўя. Прычым аршанская міліцыя зладзіла цэлую спецаперацыю , каб вызначыць, хто распытваў жыхароў Оршы пра іхныя праблемы.

    Аднак судовы працэс было вырашана праводзіць не ў Оршы, а ў Віцебску – ці то супрацоўнікі міліцыі хацелі пазбегнуць масавай грамадскай падтрымкі журналістаў на судзе, ці то проста асцерагаліся, што Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў не паедуць у суд з Віцебску. Таму судзілі іх па месцы жыхарства, і Кастрычніцкі суд абласнога цэнтра пастанавіў аштрафаваць абодвух – па 22 базавых велічыні  штрафу кожнаму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці