• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Магілёве журналісты абмеркавалі ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці СМІ

    Сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны правялі прэс-клуб на тэму ўспрымання беларускай дзяржаўнасці сродкамі масавай інфармацыі. Мерапрыемства адбылося 30 сакавіка і было прымеркаванае да 100-гадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/3_0.jpg

    Удзел прынялі амаль тры дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Традыцыйна сустрэча адбылася ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” ў Магілёве.

    Падчас прэс-клуба яго ўдзельнікі паразмаўлялі пра беларускую нацыянальную дзяржаву, абмеркавалі ўяўленні і стэрэатыпы ва ўспрыманні Беларусі, у тым ліку і краінамі-суседзямі. Таксама бажаўцы Магілёўшчыны надалі ўвагу пытанням: як адлюстроўваюцца працэсы будавання беларускай дзяржавы ў СМІ, якую карціну беларускай дзяржаўнасці малююць беларускія медыя і які ўплыў яны аказваюць на фармаванне нацыянальнай свядомасці.

    Журналісты актыўна абмяркоўвалі 100-годдзе БНР і важнасць гэтай падзеі для беларускага грамадства. Свае бачанне выказалі многія ўдзельнікі прэс-клуба.

    У прыватнасці, сябра ГА “БАЖ”, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра арганізацыю святочнага мітынгу і канцэрта 25 сакавіка ў Мінску, выказаўся пра стаўленне беларускіх уладаў да арганізацыі святкавання. Ён зазначыў, што святкаванне стогадовага юбілею БНР не спынілася – яно будзе працягвацца ўвесь гэты год. Кастусёў звярнуўся да журналістаў з просьбай працягваць працу па асветніцкай дзейнасці і папулярызацыі беларускай дзяржаўнасці ў СМІ.

    “Трэба працаваць усім суполкам БАЖ Магілёўшчыны: Магілёўскай, Крычаўскай, Горацкай, каб папулярызаваць БНР, беларускую дзяржаўнасць, беларускую гісторыю. Многія грамадзяне пакуль не вельмі добра ведаюць пра гістарычныя падзеі, трэба пра іх распавядаць ва ўсіх асяродках грамадства”, – выказаў сваё меркаванне Рыгор Кастусёў.

    Палітыку давялося адказваць на шматлікія пытанні ўдзельнікаў прэс-клуба, якія хацелі даведацца пра яго пазіцыю наконт самых разнастайных падзей і асобаў. “Наступ” на старшыню Партыі БНФ з боку журналістаў быў спынены толькі пасля прапановы мадэратара прэс-клуба Барыса Вырвіча задаваць пытанні Кастусёву падчас заключнай часткі сустрэчы.

    Вядомы магілёўскі журналіст і блогер Алесь Сабалеўскі, старшыня аргкамітэта па святкаванні юбілею БНР у Магілёве, распавёў пра мерапрыемствы, якія ўжо ладзіліся да гэтай даты ў горадзе, і паабяцаў, што на працягу года святкаванне будзе працягвацца. Дапоўніў інфармацыю пра працу аргкамітэта Віталь Васількоў. Ён расказаў пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ў сценах ГЦ “Кола”.

    Васількоў падкрэсліў важнасць гэтай гістарычнай падзеі для Магілёва, бо менавіта тут адбыўся ў 1918 годзе прадстаўнічы сход, які прагаласаваў за прызнанне жыхарамі Магілёва ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. “Я лічу, што пасля сканчэння святкавання 100-годдзя БНР нам патрэбна адразу ж пачынаць рыхтавацца да яе 200-годдзя. Нам важна, каб на гэтых тэрыторыях засталася беларуская дзяржава, каб нашчадкі маглі адзначыць гэта свята ў вольнай незалежнай краіне”, — выказаў сваю думку адзін з заснавальнікаў ГА “БАЖ”.

    Старшыня Крычаўскай суполкі ГА “БАЖ”, рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны распавёў пра працу крычаўскіх журналістаў па пытаннях умацавання беларускай дзяржаўнасці, папулярызацыі беларускай нацыянальнай ідэі ў грамадстве ўсходняй Магілёўшчыны. Па просьбе ўдзельнікаў прэс-клуба, спадар Няроўны распавёў пра свой удзел у чацвёртай канферэнцыі памяці генерала Кіпрыяна Кандратовіча, якая прайшла 29 сакавіка ў Мінску, спыніўся на сваіх уражаннях ад святкавання Дня Волі ў Мінску.

    Галіна Будная, галоўны рэдактар газеты “Узгорак”, старшыня горацкай суполкі ГА “БАЖ”, спынілася на мерапрыемствах да 100-годдзя БНР, якія прайшлі ў Горках. Актыўны ўдзел у іх прымалі і горацкія бажаўцы. Спадарыня Будная адзначыла, што было праведзена адразу тры такіх мерапрыемствы, і ўсе яны атрымаліся паспяховымі.

    Галоўны рэдактар газеты “Узгорак” выказала меркаванне, што за апошнія гады цікаўнасць да беларускай гісторыі, нацыянальнай сімволікі ў грамадстве значна ўзрасла. Гэта бачна і ў Горках, дзе студэнты і месцічы сталі больш паважліва адносіцца да ініцыятыў мясцовых грамадскіх актывістаў. Газета “Узгорак” апублікавала да 100-гаддовага юбілею абвяшчэння БНР шэраг матэрыялаў, якія распавядалі пра гэтую значную гістарычную падзею, інфармавалі пра вялікае значэнне існавання незалежнай беларускай дзяржавы для яе народа.

    Свае меркаванні і ўдакладненні падчас дыскусіі выказвалі і іншыя ўдзельнікі прэс-клуба: магілёўскія журналісты Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Аліна Скрэбунова, грамадскі актывіст з Чэрыкава Генадзь Раўкоў, бялыніцкі бажавец Юрый Несцярэнка, Пётр Мігурскі, выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў.

    Падсумоўваючы вынікі прэс-клуба, старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч адзначыў, што беларуская дзяржаўнасць з’яўляецца той каштоўнасцю, якая мусіць аб’ядноўваць усе пласты беларускага грамадства незалежна ад іх палітычных перакананняў. Згодна меркавання ўдзельнікаў прэс-клуба, і беларускія СМІ, і журналісты павінны пастаянна працаваць у кірунку ўмацавання нацыянальнай дзяржавы, узмацнення яе суверынітэту і незалежнасці.

    Пасля невялікага перапынку бажаўцы Магілёўшчыны і мясцовыя грамадскія актывісты прынялі ўдзел у яшчэ адным мерепрыемстве — сустрэчы з вядомым блогерам і грамадскім актывістам Антонам Матолькам. На сустрэчы ён прэзентаваў свой праект # МотолькоПомоги.

    Антон Матолька распавёў пра тое, як з дапамогай зваротаў у органы мясцовай улады і шырокага выкарыстання сацыяльных сетак магчыма змяніць жыццё ў сваіх населеных пунктах да лепшага. “Гэты праект нясе ў сабе ідэю лакальных гарадскіх зменаў, а не глабальных. Паказвае, як можна сілай закона і цікавасці актыўных жыхароў Беларусі мяняць жыццё да лепшага”, — зазначыў грамадскі актывіст.

    Таксама Антон спыніўся на дзейнасці партала «Мой Горад» 115.бел, створага з мэтай надання жыхарам гарадоў Беларусі магчымасці адпраўкі запытаў паўсядзённага характару, якія тычацца жыллёва-камунальных паслуг і гарадской гаспадаркі, з прывязкай адпаведнай праблемы да мапы горада. У Магілёўскай вобласці магчымасцямі гэтага партала ўжо могуць скарыстацца жыхары Крычава.

    Блогер адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, даў ім канкрэтныя парады, як лепш дзейнічаць у той ці іншай канкрэтнай сітуацыі, у якія органы мясцовай улады лепш за ўсё накіроўваць свае запыты і электронныя звароты.

    Завяршылася сустрэча бажаўцаў Магілёўшчыны агульнай гутаркай за святочным сталом. Журналісты і грамадскія актывісты ўсе разам гарбатай і святочным тортам адзначылі 100-гадовы юбілей абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці