Блогера з Бярозы абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве
Аляксандра Кабанава затрымалі 24 сакавіка і да пачатку працэса ў судзе Бярозаўскага раёна, які быў прызначаны на другую палову дня 26 сакавіка, ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
Як паведаміў Аляксандр Кабанаў, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 18 сакавіка на плошчы Леніна ў Брэсце, дзе ўжо больш за месяц збіраюцца кожную нядзелю людзі, якія выступаюць супраць будаўніцтва каля абласнога цэнтра акумулятарнага завода.
“Гэтыя людзі кормяць на плошчы галубоў, абмяркоўваюць свае пытанні, і я некалькі разоў рабіў відэасюжэты з гэтых сустрэч, распаўсюджваю інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, — кажа блогер. — Таму абвінавачванне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве лічу беспадстаўным. Я нічога не парушаў, ні ў чым не вінаваты”.
Аляксандр Кабанаў таксама ўпэўнены, што не было патрэбы паводле гэтай справы затрымліваць яго ў выходны дзень, каб пасля амаль двое сутак чакаць суда ў пастарунку.
У выніку судовае пасяджэнне было перанесена на 29 сакавіка аб 11‑й гадзіне.