Перашкоды ў прафесійнай дзейнасці журналістаў 25 сакавіка
У гэтым матэрыяле сабраныя факты перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў у Беларусі 25 сакавіка.
17:00. Пасля дазволенага канцэрта ў Мінску была затрыманая аўтарка «Радыё Свабода» Галіна Абакунчык, яе адпусцілі з Цэнтральнага РАУСа без складання пратакола. Абакунчык расказала, што ва ўсіх затрыманых пры сабе былі бел-чырвона-белыя сцяжкі. Яе таксама затрымалі, пабачыўшы сцяжок.
«Я ішла ад Опернага тэатру да станцыі метр „Няміга“. У мяне ў руках былі галінкі вярбы, кветкі і маленькі сцяжок. Пабачыла, што спыніўся сіні бус, паспрабавала забегчы ў метро, але мяне дагналі і сказалі, што забіраюць для разбіральніцтва. Потым перасадзілі ў легкавы аўтамабіль, а сіні бус пагнаўся за хлопцам з вялікім бел-чырвона-белым сцягам. У пастарунку ў мяне адабралі рэчы, не давалі званіць, не выводзілі ў прыбіральню. Сказалі здаць адбіткі пальцаў, але я адмовілася. Пратрымалі тры з паловай гадзіны без тлумачэння прычын», — паведамляе «Радыё Свабода».
16:30. Журналістаў Любоў Лунёву, Станіслава Івашкевіча, Ігара Ільяша, Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва вызвалілі з міліцыі без складання пратаколаў. Андрэй Козел і Вольга Чайчыц таксама на волі.
14.09 Затрымалі журналістку-фрылансерку Таццяну Смоткіну з Глыбокага (Віцебская вобласць).
«Сяжу ў Лепельскім РАУСе. Спынілі, бо ехалі з бел-чырвона-белым сцягам у машыне. Апытваюць хлопцаў, кажуць што нібыта перавысілі хуткасць. Інкрымінуюць хуткасць 120 км/г і кажуць ужо пра пазбаўленне правоў», — напісала Смоткіна на сваёй старонцы ў Facebook.
На Таццяну Смоткіну і яе спадарожнікаў склалі пратаколы апытання.
«Я пры складанні пратакола апытання ўчастковым Лепельскага РАУС Аляксандрам Мазго спаслалася на артыкул 27 Канстытуцыі і не сведчыла супраць сябе», — распавяла журналістка.
13.45 Каля Тэатра оперы і балета, дзе і адбываецца святочны канцэрт да 100-годдзя БНР, кепская мабільная сувязь. Гэта стварае перашоды для медыя, якія сёння вядуць наўпроставыя трансляцыі з месца падзей. «Ці ж гэта не цэнзура эфіру», — задаюцца пытаннем журналісты «Радыё Свабода».
12.10 Стала вядома пра затрыманне ў Мінску ў раёне плошчы Якуба Коласа журналістаў Станіслава Івашкевіча, Ігара Ілляша і Любові Лунёвай.
На плошчы Якуба Коласа перад пачаткам планаванага, але забароненага шэсця былі затрыманыя журналісты «Белсата» Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў. «Белсат» меўся весці стрым з акцыі.
Андрэеву і Кавалёву пасадзілі ў сіні мікрааўтобус і кудысці павезлі. Падчас паездкі нашыя калегі вялі стрым. Праз некалькі хвілінаў журналістаў перасадзілі ў аўтазак.
Аб 11:49 сувязь з журналістамі знікла.
Андрэя Козела забралі ў псіханеўралагічны дыспансер у Сеніцы. Там журналіста праверылі на ўтрыманне алкаголю ў крыві і адпусцілі. Вольгу Чайчыц таксама адпусцілі.
Але літаральна праз некалькі хвілін супрацоўнікі ДАІ зноў спынілі машыну Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела.
Пасля праверкі дакументаў журналістаў адпусцілі. Чайчыц і Козел мяркуюць, што спынялі мэтанакіравана, бо ў інспектара ДАІ на руцэ нават быў напісаны нумар іх аўтамабіля.
Прыкладна ў 10.30 машыну журналістаў-фрылансераў Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела затрымалі супрацоўнікі ДАІ.