Барысаўскі выканкам не адказаў на зварот сябра БАЖ
У канцы студзеня кіраўнік Барысаўскай суполкі ГА “БАЖ” Аляксандр Зянкоў накіраваў у Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт зварот, у якім прасіў даць інфармацыю пра палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў СМІ пры райвыканкаме, а таксама падначаленых яму структурных падраздзяленнях, выканаўчых і распарадчых органах першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню.
Зварот быў накіраваны праз адмысловую рубрыку на афіцыйным сайце адміністрацыі Барысаўскага раёна. Аднак адказ А. Зянкоў не атрымаў, хаця тэрміны, згодна з якімі выканкам павінен адказаць па сутнасці, даўно мінулі.
Таму журналіст накіраваў той жа зварот паўторна — звычайнай поштай з паведамленнем аб уручэнні. На гэты раз Аляксандр Зянкоў мае цвёрды намер высветліць ці мае Барысаўскі выканкам палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў.
У іншым выпадку ён будзе дамагацца, каб супрацоўнікі выканкама, якія парушаюць заканадаўства аб зваротах грамадзян, былі прыцягнуты да адказнасці.