Трэці штраф за фрыланс. Супярэчнасці суд пад увагу не ўзяў
Гомельскі раённы суд 14 сакавіка аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына — кожнага на 25 базавых велічыняў (612 рублёў 50 капеек). Сёлета гэта ўжо трэці штраф гамельчукам за фрыланс.
Журналісты прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
У сярэдзіне лютага на сайце тэлеканала “Белсат” была змешчана інфармацыя і відэа пра масавы забой свіней у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна. На падставе матэрыялаў, размешчыных на сайце тэлеканала, участковы інспектар Гомельскага РАУС, капітан міліцыі Якаў Сухайкоў склаў адміністрацыйныя пратаколы паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Суддзя Андрэй Сусла, які разглядаў пратаколы, высвятляў, ці давяраюць абвінавачаныя суду.
“У нас няма незалежных судоў. Як я магу давяраць таму, чаго няма? Але да вас, канкрэтнага суддзі, прэтэнзій няма”, — адказаў Жукоўскі.
Ён хадайнічаў таксама, каб на адрас участковага Сухайкова было вынесена прыватнае азначэнне — за неахайныя пратаколы, якія не чытаюцца. А таксама за ўнесеныя непраўдзівыя звесткі.
“У маім пратаколе напісана, што я незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю СМІ. І ў Толчына тое ж самае. Я рабіў відэаздымкі, «нарэзку». Пры чым тут Толчын?” — задаваўся пытаннем фрылансер Жукоўскі.
Ён патлумачыў таксама, што ніякіх відэаздымкаў на “Белсат” не адсылаў, а толькі ў розныя агенцтвы, у тым ліку і “Ньюс-інфармацыя”. А яшчэ размяшчаў у свабодным доступе на сваёй старонцы ў YouTube. Да таго ж, у сюжэта на “Белсаце” ёсць аўтар — Вольга Старасціна.
На хадайніцтва наконт прыватнага азначэння на адрас участковага суддзя Андрэй Сусла адрэагаваў гэтак: будзе разгледжанае напрыканцы пасяджэння, па выніках разбіральніцтва. Але так і не разгледзеў яго.
Адхіліў ён і хадайніцтва пра выклік у суд участковага міліцыянта і прадавачак фірмовай крамы камбіната, якія казалі фрылансерам пра адсутнасць у продажы мяса свініны цягам тыдня. Тыя мусілі пацвердзіць, хто менавіта рабіў здымкі і як называў сябе.
Па ініцыятыве міліцыі ў суд быў запрошаны як сведка толькі ахоўнік камбіната «Сож» Мікалай Мядзведзеў. Аднак ён не пазнаў ні Жукоўскага, ні Толчына.
“Прыязджалі 13 лютага хлопец з дзяўчынай. Хлопец фатаграфаваў схему камбіната. Ён быў у куртцы, на Жукоўскага крыху падобны. А Толчына я наогул не бачыў”, — засведчыў ахоўнік камбіната.
Не звярнуў увагу суд і на тлумачэнні Жукоўскага і Толчына. Яны даводзілі, што не з’яўляюцца журналістамі “Белсата”, не маюць з ім працоўных дамоваў, і таму не акрэдытаваныя ў беларускім МЗС. Прапаноўвалі зрабіць запыт на “Белсат”.
Згаданыя ды іншыя супярэчнасці суддзя пад увагу не ўзяў і пакараў фрылансераў буйнымі штрафамі.
“Які загад атрымаў суд, так ён яго і выканаў. У нас жа няма падзелу ўладаў. Як заяўляў кіраўнік дзяржавы, уладу трэба трымаць у кулаку. Яна ў адным кулаку і трымаецца. Таму іншага выраку чакаць не даводзіцца”, — кажа Андрэй Толчын.
Сума штрафаў у Толчына за фрылансерскую дзейнасць склала 2 695 рублёў, у Жукоўскага — 2 572,5 рубля.