Незалежную журналістку з Гомеля аштрафавалі за стрымы ў YouTube і неяўку ў суд
Журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова атрымала па пошце пастанову суда Гомельскага раёна пра пакаранне адміністрацыйнымі штрафамі за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала «Белсат» (ч. 2 артыкул 22.9 ) і неяўку ў суд (артыкул 24.6 КаАП).
Пастанову суддзя Андрэй Сусла вынес яшчэ 9 лютага. Паводле першага артыкула Шчыракова аштрафаваная на 25 базавых велічыняў (612,5 рубля), па другім — на 2 базавыя велічыні (49 рублёў). Агулам — 661 рубель 50 капеек.
“Здзіўляюся паблажліваму штрафу. Сама я на судзе не прысутнічала. Адміністрацыйныя пратаколы, як я разумею, паступілі ў суд Гомельскага раёна са Светлагорскага РАУС. Бо справа тычыцца асвятлення пратэстаў жыхароў вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна”, – распавяла службе маніторынгу ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова.
Журналістка ў снежні і студзені вяла стрымы са стыхійных сходаў жыхароў Якімавай Слабады — яны пратэставалі супраць шкоднага смуроду заводу беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайцамі на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната побач з вёскай.
Стрыміла Шчыракова пратэсты на сваю старонку ў YouTube. Відэа выкарысталі многія інфармацыйныя рэсурсы, у тым ліку і “Белсат”. Гэта сталася падставай, каб абвінаваціць Ларысу Шчыракову ў “выкананні функцый журналіста замежнага СМІ”.
“Беларуская Канстытуцыя дае права любому грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Аднак улады на гэта ўвагі не звяртаюць — пераследуюць фрылансераў, штрафуюць. І не таму, што мы нешта парушаем, а каб асцерагаліся паказваць рэальныя падзеі ў краіне, а тым больш пратэсты”, — кажа Шчыракова.
За мінулы год на падставе міліцэйскіх пратаколаў журналістку Шчыракову раённыя суды Гомельскай вобласці штрафавалі за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ ажно сем разоў. Сума штрафаў склала 4 715 рублёў.