На Віцебшчыне журналіста хочуць прымусіць замаўчаць: з пачатку года — 2 156 рублёў штрафаў
Суддзя Шаркаўшчынскага суда Аксана Табола 6 сакавіка пакарала штрафам у памеры 23 базавыя велічыні (563.5 беларускіх рублёў) незалежнага журналіста Змітра Лупача.
Журналісту зноў інкрымінавалі парушэнне Закона аб СМІ – працу без акрэдытацыі — і прыцягнулі да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.
Сёлета Зміцер Лупач у Беларусі займае другое месца пасля свайго калегі Кастуся Жукоўскага па штрафах за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. На Віцебшчыне Змітра штрафуюць больш за астатніх. Як кажа незалежны журналіст, міліцыя ходзіць па пятах. Яго ўжо штрафавалі і ў Глыбокім. І ў Докшыцах, і ў Паставах. Цяпер настала чарга і Шаркаўшчыны.
Паводле Змітра Лупача, тут яму далі самы маленькі штраф. “Напэўна, таму, што Шаркаўшчынскі раён самы бедны, таму і штраф такі невялікі”, — кажа журналіст. Дарэчы, у сюжэце, за які яго пакаралі, таксама падымалася праблема малых заробкаў на Шаркаўшчыне і выжыванне людзей у такіх умовах.
“У Шаркаўшчыне невялікая колькасць насельніцтва, тым больш працоўнага. Калі мой штраф аддаць на заробкі людзям, то кожны з шаркаўшчан атрымае не больш за рубель. Не думаю, што такім чынам палепшыцца іх матэрыяльны дабрабыт”, — кажа журналіст.
На гэты раз у суд падтрымаць Лупача прыйшлі не толькі яго калегі і сябры, але і простыя жыхары Шаркаўшчыны. Кожны з іх казаў пра судовую нясправядлівасць, пра тое, што за праўду ў наш час караюць жорстка. Яны зазначалі, што сюжэт пра малыя заробкі на тэлеканале быў праўдзівы. Але казалі і пра тое, што заробкі ў 250 рублёў, пра якія гаварылі на “Белсаце”, гэта нават завышаныя. У мінулым месяцы іх знаёмыя механізатары, якія працавалі ў майстэрні калгаса ў вёсцы Вялікае Сяло, што на Шаркаўшчыне, атрымалі ўвогуле па 50 рублёў.
Па словах Змітра Лупача, ён вельмі ўдзячны тым людзям, якія не пабаяліся і прыйшлі яго падтрымаць.
Сёлета гэта ўжо трэці па ліку суд у незалежнага журналіста за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Раней яго судзілі ў Пастаўскім і Докшыцкім судах, дзе аштрафавалі на 25 і 40 базавых велічынь адпаведна.