• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэпутаты прапануюць абавязаць журналістаў абазначаць сябе на масавых акцыях

    Гэта прадугледжвае праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў”, прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/zatrym2_0.jpg

    У аўторак на абмеркаванне гэтага дакумента ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ былі запрошаныя прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

     

    Што прапануюць журналістам

    Дэпутаты прапануюць дадаць у закон “Аб масавых мерапрыемствах” наступны пункт:

    “Асоба, якая прысутнічае на масавым мерапрыемстве ў якасці журналіста сродку масавай iнфармацыi, абавязана мець пры сабе:

    Дакумент, які сведчыць асобу, а таксама службовае пасведчанне журналіста СМІ, зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйнага рэсурса, размешчанага ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, з дапамогай якога ажыццяўляецца распаўсюд прадукцыi СМІ, альбо дакумент, які пацвярджае акрэдытацыю журналіста замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь.

    Дадзеная асоба павінна мець ясна бачны адметны знак прадстаўніка СМІ (нарукаўная павязка, бэйдж, камізэлька і іншае)”.

     

    БАЖ удакладняе

    Эксперт ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Вольга Сяховіч заявіла падчас сустрэчы, што арганізацыя падтрымлівае прапанову аб абазначэнні журналістаў.

    — Гэта, безумоўна, добра ў плане бяспекі журналістаў на акцыях. Але варта дадаць у пералік дакументаў “іншы дакумент, які пацвярджае статус журналіста”.

    Гэта звязана з тым, што ў прапанаванай рэдакцыі ніяк не абароненымі застаюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыяй на падставе дамоваў падраду альбо іншых дамоваў, што не забаронена заканадаўствам. Таму, на нашу думку, такі дакумент альбо даведка рэдакцыі таксама можа пацвярджаць статус журналіста на акцыі, — гаворыць Вольга Сяховіч.

    Таксама нявызначаным застаецца статус блогераў, якія часта прысутнічаюць на масавых мерапрыемствах, але менавіта з мэтай іх асвятлення. У прадстаўленай рэдакцыі атрымліваецца, што закон прыраўноўвае блогераў да удзельнікаў акцыі. Хоць фактычна гэта не так.

    Яшчэ адзін момант, на які звяртае ўвагу БАЖ, гэта — прыцягненне да адказнасці людзей за заклікі ў інтэрнэце альбо ў СМІ да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

    — На наш погляд, у законе варта канкрэтызаваць, за што могуць караць аўтараў выказвання альбо журналістаў, а за што — не могуць. Да прыкладу, ці з’яўляецца заклікам, калі чалавек на старонках СМІ гаворыць пра свой намер узяць удзел у такой акцыі і ці можа ён за гэта быць пакараны? — каментуе Сяховіч.

    Таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў далучылася да іншых прапаноў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, гэта прапанова аб павелічэнні колькасці месцаў, дзе дазволеныя масавыя акцыі і іншыя.

    Акрамя Беларускай асацыяцыі журналістаў удзел у абмеркаванні зменаў заканадаўства ўзялі прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэта, арганізацыі “Прававая ініцыятыва”, Цэнтра прававой трансфармацыі, кампаніі “Гавары праўду”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і іншыя.

    Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці бліжэйшымі днямі разам збіраюцца накіраваць у парламент свае прапановы адносна законапраекта ў пісьмовым выглядзе.

     

    Проект Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам проведения массовых мероприятий» ТЕКСТ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці