Міністр інфармацыі расказаў, як ставіцца да 100-годдзя БНР
Аляксандр Карлюкевіч быў адным з тых, хто адкрываў штогадовую Мінску кніжную выставу. Міністр інфармацыі адказаў на пытанні журналістаў.
«Наша Ніва» пацікавілася, ці плануе Міністэрства інфармацыі нейкія мерапрыемствы ў гонар 100-годдзя БНР.
«Я думаю, што сёлета будзе вельмі шмат імпрэзаў, выставаў з гэтай нагоды. І вы гэта бачыце і па выказваннях высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і тых, хто займаецца ідэалагічнай працай», — адказаў Карлюкевіч.
Што тычыцца прановы ўладаў аб правядзенні на 25 Сакавіка свята і канцэрта ля Опернага тэатра, то міністр не адказаў канкрэтна.
«Я не ведаю, на жаль, характар гэтай ідэі, што за канцэрт рыхтуецца. Я не магу даць адназначны адказ. У выяўленчым мастацтве, літаратуры, музыцы гэтая падзея, безумоўна, павінна быць адлюстраваная».
А якое стаўленне Карлюкевіча да гэтай даты, зноў пацікавілася «НН»?
«Безумоўна, гэта вельмі важны крок у гісторыі Беларусі. Многія ўдзельнікі тых падзеяў 1918 года засталіся ў гісторыі. Яркая постаць Браніслава Тарашкевіча, яго ўнікальны і драматычны лёс сведчыць, якая няпростая рэакцыя была на 1918 год, для беларуса і яго нацыянальнага самавызначэння», — адказаў міністр.
Якую апошнюю кніжку прачытаў міністр інфармацыі? «Не сказаць, што энцыклапедыі чытаюцца цалкам, але цяпер з вялікім задавальненнем чытаю першы том энцыклапедыі «Янка Купала», — кажа Алесь Карлюкевіч.