Як службоўцы дынамяць журналістаў з пісьмовымі запытамі. Досвед Intex-press
Пісьмовыя запыты ў працы журналістаў становяцца ўсё больш бессэнсоўнай формай атрымання адказаў. Нягледзячы на заканадаўчае рэгуляванне, службоўцы і кіраўнікі ігнаруюць пісьмовыя запыты, прычым рознымі спосабамі і на розных падставах.
Прыходзьце заўтра
Начальнік Баранавіцкага аддзела гандлю і паслуг Таццяна Асос на запыт Intex-press ад 6 лютага пра працу гарадскога гандлю ў 2017 годзе адказала рэдакцыі, што гэта інфармацыя будзе апублікаваная на сайце Баранавіцкага гарвыканкама да 5 сакавіка 2018 года.
Такі адказ з’яўляецца парушэннем Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Закон дазваляе так адказаць, калі інфармацыя ўжо была апублікаваная ў афіцыйных друкаваных выданнях, іншых СМІ, у адкрытым доступе на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый і г. д. Але гэта не датычыцца інфармацыі, якая калі-небудзь будзе там змешчана.
Пішыце вышэй
У сярэдзіне студзеня ў баранавіцкай «Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па хакеі і фігурным катанні» быў прызначаны новы дырэктар Інна Тарасюк. Пасля некалькіх беспаспяховых спроб узяць у яе інтэрв’ю Intex-press накіравала 5 лютага пісьмовы запыт. Рэдакцыя газеты пыталася ў новага кіраўніка пра стан спраў у Лядовым палацы, а таксама цікавілася меркаваннем Інны Тарасюк па тых ці іншых праблемах, былі пытанні пра яе біяграфію і планы на будучыню.
Адказ Тарасюк стаў новым словам у адказах службоўцаў на запыты рэдакцыі. У сваім лісце яна апавясціла, што «паводле п. 2 артыкула 22 заўв.1 Закона РБ ад 14 чэрвеня 2003 года №204–3 «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», прадастаўленне запытанай інфармацыі ажыццяўляецца па даручэнні ці з узгаднення кіраўніка дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны службовец займае дзяржаўную пасаду».
На гэтай падставе дырэктар дзіцячай спартыўнай школы прапанавала рэдакцыі «звярнуцца ў орган галіновага кіравання – аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама».
Чаму спадарыня Тарасюк сама не ўзгадніла адказ са сваім кіраўніком – невядома. Але яе адказ адкрывае шырокія магчымасці для службоўцаў усіх узроўняў. Любы з іх на любым узроўні можа так паслаць заяўнікаў да свайго вышэйшага начальніка.
Тым часам, закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» не прадугледжвае падобнага варыянту адказу кіраўніка арганізацыі на запыт. Наадварот, закон кажа, што арганізацыі абавязаныя «забяспечваць уважлівае, адказнае, добразычлівае стаўленне да заяўнікоў; не дапушчаць фармалізму, бюракратызму, цяганіны, перадузятых, нетактоўных паводзін, грубіянства і непавагі да заяўнікаў; прымаць меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў» і т. п. Таксама закон кажа, што кіраўнікі арганізацый нясуць персанальную адказнасць за неналежную працу са зваротамі.
Пішуць адпіскі і не пішуць нічога
На пісьмовыя пытанні Intex-press не адказалі і дэпутаты Брэсцкага абласнога савета 27 склікання: начальнік Баранавіцкага ГАУС Вячаслаў Герасімовіч і гендырэктар ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне» Іван Турчак. Дэпутаты праігнаравалі пытанні рэдакцыі пра іх працу, зробленую на дэпутацкіх пасадах. Прычым калі Герасімовіч даслаў адпіску, што адказы на пытанні Intex-press апублікаваныя ў дзяржаўнай раённай газеце «Наш край», што было перабольшаннем, то Турчак наогул не адказаў рэдакцыі.
На скаргу Intex-press у пастаянную камісію па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы, яе старшыня Канстанцін Шаршуновіч у лісце ад 21 лютага адказаў рэдакцыі, што «з прычыны неналежнага выканання дэпутацкіх абавязкаў Герасімовічу В. У. і Турчаку І. Г. растлумачана, што ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам дэпутаты абавязаныя даваць адказы на звароты, якія паступілі ім, і ўказана на недапушчэнне падобных фактаў у далейшай дзейнасці».
Нягледзячы на «неналежнае выкананне дэпутацкіх абавязкаў» і Турчак, і Герасімовіч на нядаўніх мясцовых выбарах ізноў сталі дэпутатамі Брэсцкага абласнога савета. А Intex-press адказы на свае пытанні ад іх так і не атрымала.