“Я здзейсніў злачынства і глыбока раскайваюся”. Былы тэхнічны рэдактар “Газеты Слонімскай” чакае прысуду
“Віна даказана ў поўным аб’ёме”, — заявіла дзяржаўны абвінаваўца падчас свайго выступу ў судзе Слонімскага раёна па справе былога тэхнічнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Уладзіміра Качаргі 23 лютага.
Па ўсіх пунктах абвінавачвання
Нагадаем, Уладзімір Качарга абвінавачваецца па ч. 2 арт. 349 «Несанкцыяваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці», па ч.1 арт. 351 «Наўмысныя знішчэнне, блакаванне, прывядзенне ў непрыдатны стан камп’ютарнай інфармацыі або праграм» і па арт. 352 КК РБ «Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй, несанкцыяванае капіраванне або іншае неправамернае завалоданне інфармацыяй, якая захоўваецца ў камп’ютарнай сістэме».
Пацярпелымі па гэтай справе праходзяць “Газета Слонімская” і прыватнае выдавецкае прадпрыемства з Гродна “БенефітМедыя”.
Пракурор палічыла, што віна падсуднага ў ходзе следства і судовага працэсу была цалкам даказаная па ўсіх пунктах абвінавачвання і папрасіла ў сукупнасці пакараць Качаргу адным годам і шасцю месяцамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на адзін год, калі падсудны не здзейсніць за гэты час новага злачынства, аштрафаваць яго на 100 базавых велічынь, прызначыць 100 гадзін грамадска-карысных работ тэрмінам на паўгода і канфіскаваць прадметы здзяйснення злачынства — два ноўтбукі і мабільны тэлефон.
“Тут праглядаецца відавочная змова…”
Адвакат падсуднага, са свайго боку, даводзіла, што па ч. 2 арт. 349 КК РБ «Несанкцыяваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці» яе падабаронны не вінаваты, як і па ч. 1 арт. 351 КК РБ «Наўмысныя знішчэнне, блакаванне, прывядзенне ў непрыдатны стан камп’ютарнай інфармацыі або праграм». Адвакат прасіла суд па гэтых абвінавачваннях Качаргу апраўдаць.
Паводле абаронцы, сведчанне Ільясевіча, на якім будуецца асноўнае абвінавачванне Качаргі, у матэрыялах справы з’явілася не выпадкова. Пасля двух праверак праваахоўнікамі справа закрывалася, бо страты заяўляльніка складалі не больш за 40 базавых адзінак, а гэта цягне толькі на адміністрацыйную справу. Аднак па настойлівай просьбе кіраўніцтва “БенефітМедыя” праверка зноў узнаўлялася, і сваяк супрацоўніцы “БеніфітМедыя” Ільясевіч даў паказанні, што Качарга прапанаваў яму размясціць у сваёй газеце “РэкламаСіці” яго аб’яву, якая яшчэ нідзе не друкавалася і пра якую ніхто не ведаў, акрамя яго самога і супрацоўніцы “БенефітМедыя” Александровіч.
“Тут праглядаецца відавочная змова, завязаная на сваяцкіх сувязях”, — сказала ў судзе адвакат і прасіла апраўдаць яе падабароннага па гэтаму абвінавачванню.
Што датычыць абвінавачвання па арт. 352 КК РБ «Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй, несанкцыяванае капіраванне або іншае неправамернае завалоданне інфармацыяй, якая захоўваецца ў камп’ютарнай сістэме», то абаронца пагадзіліся з наяўнасцю складу злачынства ў дзеяннях яе падабароннага.
“Тут у нас няма пытанняў. Віну ў несанкцыяваным доступе да паштовых скрыняў прызнаў мой падабаронны, таксама яна пацвярджаецца дакументальна”, — канстатавала адвакат.
Пры вынясенні пакарання адвакат прасіла суд улічыць, што яе падабаронны ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, віну сваю часткова прызнае і раскайваецца ў здзейсненым злачынстве. Таксама абаронца звярнула ўвагу суда на той факт, што падсудны апякуецца хворай жонкай, інвалідам другой групы, і сваёй хворай маці, якой ужо 74 гады і якая чакае чаргі на аперацыю.
Абаронца падсуднага даводзіла таксама, што прадметам злачынства не можа быць ноўтбук Lenovo, бо ў матэрыялах справы няма ніводнага пераканаўчага доказу, што з яго здзяйсняліся несанкцыяваныя ўваходы ў электронныя паштовыя скрыні “Газеты Слонімскай” і “БеніфітМедыя”. Яшчэ адвакат прасіла не накладаць вялікі штраф на падсуднага, паколькі ў яго ёсць абавязальніцтвы перад банкам па крэдытах, і вялікі штраф стане вялікім цяжарам для сям’і.
“Я здзейсніў злачынства і глыбока раскайваюся”
Так пачаў сваю прамову ў апошнім слове Уладзімір Качарга.
А потым працягнуў: “Я здзяйсняў несанкцыяваны доступ да паштовых скрыняў “БенефітМедыя”, але асабістай маёй карыснай зацікаўленасці ў гэтым не было. Матывамі было — пацвердзіць мае здагадкі пра завышаныя тыражы газеты “Мой раён”. Гэта ніяк не апраўдвае мае злачынныя дзеянні… Але здагадкі свае я пацвердзіў… Што да сведчанняў Ільясевіча, то я не выключаю той варыянт, што ён першы патэлефанаваў мне, а я потым у адказ ператэлефанаваў яму.
Што датычыць групы “Мой раён” ВКонтакте, то я яе зарэгістраваў яшчэ за чатыры дні да таго, як пачаліся мае працоўныя адносіны з “БеніфітМедыя” і, адпаведна, не мог забраць у “БенефітМедыя” тое, што ім не належыць. Мэтай блакіроўкі гэтай групы з майго боку было не знішчэнне інфармацыі, а жаданне падштурхнуць “БеніфітМедыя” нешта падобнае стварыць. Што яны потым і зрабілі.
Што датычыцца скачвання пісьмаў з паштавіка начальніка рэкламнай службы “Газеты Слонімскай”, то тут у справе зафіксавана толькі адна дата — 15 лютага 2017 года. Скачаныя мной тады лісты ўжо паўгада былі не актуальныя. Спробаў скачаць актуальную інфармацыю ў матэрыялах справы не зафіксавана. Канечне, гэта не апраўдвае мае злачынныя дзеянні. Але я прашу суд аб літасці”, — сказаў падсудны і дадаў, што ён мусіць клапаціцца пра жонку, інваліда з дзяцінства, і хворую маці, якім без яго дапамогі не абысціся. Падсудны таксама прасіў вярнуць канфіскаваныя нотбукі, бо яны яны належаць яго жонцы і неабходныя ёй для працы.
Прысуд па справе абвесцяць раніцай 1 сакавіка.
Фота аўтара і з архіва “ГС”