ВІДЭАФАКТ: Як старшыня камісіі перашкаджае журналістам здымаць на выбарах
Карэспандэнтка «Белсату» Вольга Чайчыц і аператар Андрусь Козел прыехалі ў Фаніпаль на выбарчы ўчастак №31, каб асвятляць галасаванне. Але старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Ганчар намагаўся забараніць ім весці здымку.
Акрамя вуснай забароны, ён паспрабаваў адабраць мабільны тэлефон у Вольгі Чайчыц. Журналісты пачалі даводзіць старшыні камісіі, што паводле заканадаўства маюць права здымаць відэа і фатаграфаваць усё, што адбываецца на выбарчым участку. У сваю чаргу Ганчар сказаў, што рабіць гэта можна толькі «з дазволу старшыні» і папрасіў Чайчыц і Козела «пакінуць участак».
Як распавяла наша калега, прысутныя назіральнікі зрабілі Ганчару заўвагу, аднак каментаваць сітуацыю адмовіліся.
«Пасля доўгага тлумачэння нашых правоў, нам усё ж дазволілі здымкі. І мы знялі сюжэт, які неўзабаве выйдзе ў эфір. Калі мы сыходзілі, то Аляксандр Ганчар слёзна нас не публікаваць гэтае відэа», – дадае Вольга Чайчыц.