• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Судзяць былога тэхрэдактара «Газеты Слонімскай» за несанкцыяваны доступ да інфармацыі калег

    На чужыя паштовыя скрыні заходзіў… з цікавасці. Ва ўсякім разе так патлумачыў у судзе былы супрацоўнік  “Газеты Слонімскай” Уладзімір Качарга.

    9 лютага ў райсудзе ў Слоніме пачаўся працэс па абвінавачванні дырэктара ТАА “Андко Плюс” і в.а. галоўнага рэдактара газеты “РэкламаСіці” Уладзіміра Качаргі ў несанкцыяваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі былых калегаў з рэдакцыі «Газеты Слонімскай» з карыслівых памкненняў, жадання адпомсціць, атрымаць камерцыйную выгаду ды задаволіць сваю цікаўнасць.

    Пацярпелымі ў гэтай крымінальнай справе з’яўляюцца супрацоўнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Газета Слонімская”, дзе Уладзімір Качарга да лета 2015 года працаваў вядучым тэхнічным рэдактарам і сістэмным адміністратарам, і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства з Гродна «БенефітМедыя», з якім падсудны супрацоўнічаў два месяцы па дамове падраду ў 2016 годзе.

    На допыце ў судзе Уладзімір абвінавачванні ў свой адрас прызнаў часткова: прызнаўся, што заходзіў на паштовыя скрыні “Газеты Слонімскай” і «БенефітМедыя» з цікавасці ды каб даведацца, на які тыраж адпраўляюць выдаўцы заяўкі ў Гродзенскую друкарню.

    Абвінавачванні ў атрыманні камерцыйнай выгады, карыслівых памкненнях і матывы помствы ў сваіх супрацьпраўных дзеяннях падсудны абвяргаў.

    Што ўласна да прызнанай “цікаўнасці”, то для азнаямлення з інфармацыяй Качарга, па яго словах, у 2017 годзе загрузіў на свой ноўтбук пры дапамозе камп’ютарнай праграмы “Паштовы кліент” лісты з паштовай скрыні начальніка рэкламнай службы “Газеты Слонімскай” Ганны Валадашчук за 2016 год. А вось на паштовыя скрыні сваіх былых партнёраў з «БенефітМедыя» Качарга заходзіў без дазволу да сакавіка 2017 года агулам не менш як 188 разоў. Лічба гэтая ўсплыла падчас следства, і падсудны яе не аспрэчвае.

    Уладзімір Качарга і Алена Дзятлава за працай у рэдакцыі "ГС"

    Таксама дапыталі большасць сведкаў па справе. Дырэктар ПУП «БенефітМедыя» Сяргей Рабіновіч у сваіх паказаннях прызнаўся, што толькі выпадкова западозрыў, а потым і даведаўся, што іх службовую пошту маніторыць няпрошаны госць.

    Па яго словах, толькі пасля званка прадпрымальніка-кліента з Іўя, які расказаў, што з ім звязаўся нехта Уладзімір са Слоніма і прапанаваў размясціць рэкламу ў яго газеце, хаця дагэтуль яна яшчэ нідзе не была апублікавана, а толькі рыхтавалася да друку ў іхнім выданні  “Мой раён”, ён западозрыў няладнае і звярнуўся з адпаведнай заявай да праваахоўнікаў. А далей, як кажуць, справа тэхнікі.

    Наступнае судовае паседжанне прызначана на сераду, 14 лютага.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці