Украінскага журналіста Паўла Шаройку за закрытымі дзвярыма судзяць за шпіянаж
Пра гэта 12 лютага Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.
Працэс праходзіць у Вярхоўным судзе Беларусі ў закрытым рэжыме.
На пытанне, чаму пра пачатак разгляду рэзананснай міжнароднай справы стала вядома толькі сёння, Ляскова паведаміла, што ў судах Беларусі штодзённа разглядаецца каля 4 тысяч спраў, і яна не можа ведаць пра пачатак кожнага працэсу.
Пра тое, калі пачаўся працэс над Шаройкам, Юлія Ляскова паведамляць адмовілася.
Як нагадвае журналіст Алег Груздзіловіч у матэрыяле «Радыё Свабода», карэспандэнт Грамадскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка 2017 года ў Мінску і абвінавачаны ў стварэнні ў Беларусі шпіёнскай сеткі з ліку грамадзян краіны, «якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па збору звестак выведнага характару ў ваенна-палітычнай сферы».
У дачыненні Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358-на артыкула Крымінальнага кодэкса — за шпіянаж. Таксама, паводле КДБ, быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які нібыта выконваў шпіёнскія заданні Паўла Шаройкі на карысць Украіны. Гэты чалавек, чыё прозвішча ў КДБ не называе, быў абвінавачаны ў здрадзе радзіме.
Тым часам 12 лютага ў Чарнігаве Чарнігаўскі раённы суд правядзе папярэдняе слуханне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў гэтым абласным цэнтры Украіны па падазрэнні ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысць замежнай дзяржавы.
Судовая калегія ў складзе трох суддзяў пачне слуханне справы а 16.00 паводле кіеўскага часу.
Папярэдняе слуханне справы мае адбывацца ў адкрытым рэжыме. Разам з тым пры далейшым разглядзе справы суд можа ўхваліць рашэнне аб закрытым фармаце працэсу, паколькі гаворка ідзе пра «сакрэтную інфармацыю», якую Палітыка нібыта збіраў у інтарэсах іншай дзяржавы.
23 студзеня Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт — яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасці.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі Шаройкі — адказ на затрыманне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.