Пісьменьніца просіць новага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» скасаваць прымусовую падпіску
Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак напісала адкрыты ліст новаму галоўнаму рэдактару газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітрыю Жуку з просьбай скасаваць прымусовую падпіску на сваю газэту.
Яўгенія Пастарнак піша, што работнікаў многіх дзяржаўных установаў, настаўнікаў «пад пагрозай звальненьня ці пазбаўленьня прэмій» адміністрацыя прымушае выпісваць шэраг пэрыядычных выданьняў, «фактычна вымагаючы ў людзей грошы».
У гэты сьпіс выданьняў для абавязковай падпіскі ўваходзіць і газэта «СБ. Беларусь сегодня».
«Вельмі спадзяюся, што Вы пакладзяце гэтаму канец, — піша Яўгенія Пастарнак у сваім лісьце да галоўнага рэдактара Зьмітра Жука. — Зрэшты, нават калі Вы проста заявіце пра тое, што Вы супраць таго, каб газэту „СБ. Беларусь сегодня“ навязвалі, людзям будзе лягчэй супрацьстаяць шантажу вышэйстаячага начальства».
Яна прапанавала, каб журналісты газэты правялі расьсьледаваньне, «хто насамрэч стаіць за „абавязковай падпіскай“».
Летась у адмысловай пэтыцыі да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў абарону школьнага настаўніка, якую таксама падпісала Яўгенія Пастарнак, гаварылася, што настаўнікам «пакінулі абавязковую падпіску на газэты, якія не карыстаюцца попытам».