• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Супраць заснавальніка сайта spbpolack.ru Віктара Стукава спрабавалі завесці крымінальную справу за абразу і паклёп

    Заяву з абвінавачваннем на актывіста СПБ, сябра ГА “БАЖ” Віктара Стукава напісаў намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ «Полацк-Шкловалакно» Андрэй Кузьмін. Аднак дамагчыся прыцягнення да адказнасці не атрымалася: адмыслоўцы не знайшлі ў згаданых тэкстах ні абразаў, ні паклёпу.

    Заяву аб паклёпе і абразе на сайце spbpolack.ru Андрэй Кузьмін накіраваў у Полацкі райаддзел міліцыі яшчэ 18 кастрычніка 2017 года. Намеснік дырэктара па ідэалогіі сцвярджаў, што прадстаўнікамі незалежнага прафсаюза «распаўсюджваецца заведама недакладная інфармацыя, якая ганіць дзелавую рэпутацыю ААТ «Полацк-Шкловалакно», закранае гонар і годнасць кіраўнікоў, дэстабілізуе грамадскую бяспеку ў рэгіёне, а таксама ўтрымлівае неабгрунтаваныя спасылкі на работнікаў прадпрыемства».

    Аналізуючы артыкул «Як ідэолаг хлусіць рабочым», Кузьмін напісаў у заяве: «Публікацыя зневажае гонар і годнасць намесніка генеральнага дырэктара па кадрах, ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях акцыянернага таварыства А. А. Кузьміна. У тым ліку інфармацыя ў форме графічнага малюнка з тэкстам «Силён Кузя отписки строчить». Названыя і іншыя паклёпніцкія выдумкі публічна наносяць шкоду асабістым немаёмасным правам А. А. Кузьміна». 

    Міліцыянты распачалі па гэтай заяве крымінальную справу, і ў межах следства была праведзеная лінгвістычная экспертыза. Паводле эксперта, выкладчыцы ПДУ Таццяны Гардзяёнак, «тэксты артыкулаў, размешчаных праз сетку Інтэрнэт, не носяць абразлівага характару, але напісаныя ў няветлівай форме ў дачыненні да Кузьміна А. А.».

    Пасля разгляду ўсіх матэрыялаў маёр міліцыі Міхаіл Перапечкін адмовіў у распачынанні крымінальнай справы з прычыны адсутнасці ў дзеяннях Віктара Стукава складу злачынства. Намеснік дырэктара па ідэалогіі можа абскардзіць адмову, звярнуўшыся ў пракурату або суд цягам двух гадоў.

    Ці будзе ён гэта рабіць — пакуль не вядома, але канфлікт паміж спадаром Кузьміным і прафсаюзнымі актывістамі ўжо даўні. Намеснік дырэктара па ідэалогіі даўно выказвае прэтэнзіі да дзейнасці СПБ на прадпрыемстве, а таксама публікацыямі пра прафсаюзную актыўнасць на сайце spbpolack.ru.

    Адсочваюцца і матэрыялы пра дзейнасць прафсаюза і ў іншых СМІ, прычым Віктар Стукаў не выключае, што гэта робіцца “з падачы” намесніка генеральнага дырэктара. А ў снежні мінулага года актывісты прафсаюза трапілі ў беспрэцэдэнтную сітуацыю: БАЖаўцаў Віктара Стукава і Мікалая Шараха спрабавалі дыскрэдытаваць, скарыстаўшы здымкі “Белсата”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці