Ніна Лістота: Калі верыць — то верыць да слёз, як любіць — то ўсур’ёз
Журналістка беларускамоўнай газеты «Звязды» больш вядомая ў інфармацыйнай прасторы як Ніна Лістота. У сацыяльных сетках рамантычная дзяўчына сваімі вершамі падтрымлівае сяброў у складаных сітуацыях, а днём асвятляе грамадска-палітычныя падзеі ў штодзённым выданні. Як паспець сумяшчаць талент і працу?
Пра гэта ішла размова падчас творчага вечара ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Музычнае суправаджэнне твораў аўтаркі забяспечыў гітарыст Павел Астравух.
У пачатку імпрэзы выступоўца прадставіла гледачам перакладзены на беларускую мову верш украінскай паэтэсы Кацярыны Бабкінай пад назвай «Усе добра, усе ў парадку».
Усё добра, усё ў парадку, паслухай сяброў.
Зімой гарады – як бедныя вуліцы пільных гаспадароў,
дзе калені голыя і зеляніна; астатняе – усё не як след,
але груша цвіце, і сонца ёсць у абед,
і на тым трымаецца свет.
Усё ідзе – плывуць туманы, ліюць дажджы, стаяць дамы.
Ну хіба што тыя, хто не вытрымаў гэтай зімы,
зачапіўшыся пер’ем крыл у слупы і драты,
у апошніх усмешках тужліва ім крывяць раты –
нібы кажуць, забудзься, пусці.
Усё ідзе – дрыжыць гарадское святло ўначы,
і людзі адно аднаму пакідаюць свае ключы,
і разам прыгадваюць гэта ці тое, і смяюцца праз нешта пустое.
І музыкі выходзяць на вуліцы з цёплых хацін.
І нават калі душа твая – найпусцейшая з усіх пустынь,
Ў ёй народзіцца нешта жывое.
Ніна распавяла, што у працэсе працы над перакладам у яе сэрцы штосьці адгукнулася, таму паэтка надалей збіраецца рабіць беларускія версіі шчырых вершаў паэтаў з суседняй краіны.
І часам праз вершы разумею, жыву
Ніна гаворыць, што піша пра тое, аб чым перажывае ўнутры. Праз сваю творчасць паэтэса звяртаецца да людзей, якія знаходзяцца ў роспачы, раздарожжы, няўпэўненасці. Падчас імпрэзы журналістка чытала вершы пра галерэю чалавечых тыпажоў і вобразаў, пра страх будучага і страх першага кроку ў невядомасць — «Я іду, але я баюся», пра выкарыстанне новых магчымасцей, якія прапануе жыццё, — «Не кажы, што масты ў агні».
Не кажы, што масты ў агні.
Не ілжы, што надзеі няма.
Быццам страчана ўсё, не мані.
Шчэ трывае пад намі зямля.
Не крычы, што ты горшы з людзей
І што лёс твой, як шклянка, пусты.
На мяжы спарахнелых ідэй
Не кляні сябе, не гані.
Так, я бачыла мост у агні.
І як друзам твой стаўся гмах…
Ды ад вогнішча прамяні
Разбуралі мінулы страх.
Адпусці, як манетку ў ваду,
Тых, хто самі даўно сышлі.
Знаю, як адолець жуду –
Проста сёння ты сам пачні.
Выпі прагна ўвесь зарапад,
Вымый дзікім дажджом душу,
Ты, я бачу, ужо вельмі рад,
І я побач тут пасяджу.
Паглядзім на сузор’е надзей
І паслухаем месяца джаз.
Хтосьці мусіць быць лепшым з людзей.
Можа, неба ставіць на нас?..
Але большасць вершаў маладой пісьменніцы прысвечаны каханню і надзеі. У вершы «Вымяраючы далонямі вышыню» Ніна кажа пра тое, што за новымі ідэямі крочаць сумневы, але не трэба забываць: Бог заўсёды ідзе побач, падтрымліваючы кожнага з нас. І толькі Бог можа загаіць зраненае сэрца і падарыць новае — пра гэта расказваецца ў верш «Сустрэча». «Што казаў табе Ісус?» — так пачынаецца верш, у якім аўтарка робіць акцэнт на неабходнасці заўсёды і ў любых абставінах давяраць Усявышняму.
Што казаў табе Ісус?
Гаварыў пра давер.
І пра тое, што мае ўсё – для мяне і цяпер.
Ён сказаў, зберажэ ад нянасцяў ліхіх і спакус.
Што рабіў Ісус?
Ён мне ногі амыў вадой.
А пасля накарміў і за стол пасадзіў, бы я свой.
Там і хлеб быў, і соль. Еў я, ды без прымус.
А куды ён глядзеў?
Мне ў вочы Ісус зазіраў,
А яшчэ за спіну: то на тых, хто чамусьці ўпаў.
Ён глядзеў, ён падняць іх хацеў.
А каго палюбіў?
Дык любіў жа мяне і цябе.
Бог сказаў, што ў любові такой быць не трэба дзяльбе.
Суцяшаў, абдымаў. Ён мяне падтрымаў.
Дык а што пра давер?
Загадаў нам адкінуць страх
І спакойна ісці ў злачоны, асветлены гмах.
Па нябачных прыступках – ты сам іх правер.
Я не бачыў больш верных людзей.
Ён прытулкам маіх стаў надзей.
Калі верыць – то верыць да слёз,
Як любіць – то ўсур’ёз.
«Каханні. Дваццаць рэальных гісторый»
Ніна прызналася, што стаць пісьменніцай яна марыла з дзяцінства. Таму без ваганняў у свой час пайшла вучыцца ў Школу маладога пісьменніка, дзе і пачала рыхтаваць да друку кнігу, якую прэзентавала падчас творчага вечара, —«Каханні. Дваццаць рэальных гісторый». Выступоўца адзначыла вялікі ўнёсак у яе творчасць Саюз беларускіх пісьменнікаў:
— Я вельмі ўдзячная саюзу за магчымасць навучацца ў іх Школе. Гэта быў вельмі плённы для мяне час. І за тое, што кіраўніцтва саюза падтрымала выхад маёй дэбютнай кнігі, — гаворыць Ніна.
Для яе напісання часу катастрафічна не хапала, таму Ніна Лістота ўзяла на тры тыдні адпачынак на працы. У выніку атрымалася напісаць два дзясяткі гісторый кахання, якія і ўвайшлі ў кнігу:
— Гэта гісторыі рэальных людзей, маіх сяброў, родных, або публічных асобаў. І гісторыі рэальныя. Максімум, што я перарабіла, — дабавіла мастацкіх дэталяў і змяніла імёны.
Ніна гаворыць, што гэтая кніга пазбавіць чытачоў ад ілюзій ідэальнага кахання і паслужыць індыкатарам выяўлення сапраўдных пачуццяў.
«Я — «Звязда»
Аўтарка прынцыпова піша па-беларуску. Гэтаму паспрыялі беларускамоўныя сябры, добрыя настаўнікі, праца ў «Звяздзе» і песні Лявона Вольскага:
— Я адчуваю, што гэта правільны шлях і, самае галоўнае, мой, — распавяла Ніна, — Калі б я адмовілася ад гэтай сцежкі, упэўненая, што ў канцы жыцця моцна пра гэта б пашкадавала.
— Радкі вершаў прыходзяць у маю галаву спантанна. Тады я адкладаю ўсе справы і вельмі хуценька запісваю думкі. Калі гэтага не зраблю, верш можа проста памерці. Хоць апошнім часам я стала карыстацца так званай “дыктафоннай паэзіяй” — запісваць думкі на дыктафон, а потым ужо даводзіць радкі да ладу.
Крокі да поспеху ад Ніны Лістоты
Пісьменніца ўпэўнена, каб увасобіць мару ў жыццё трэба прымяніць некалькі сакрэтных інгрэдыентаў. Менавіта ўнутры сабе паверыць, што ўсе абавязкова атрымаецца. Зрабіць крок смеласці насустрач сваёй мары і ўпэўнена крочыць наперад:
— Гэта можа быць зусім маленечкі крок, напрыклад, як было ў маім выпадку, на ўласнай кухні сабраць дзве тройкі сяброў, заварыць гарбату і зладзіць хатнюю літаратурную імпрэзу.
Акружыць сабе людзьмі, якія будуць падтрымліваць цябе. Верыць, што гэта ад Бога. І тады не рабіць тое, што паслана з нябёсаў, будзе своеасаблівым злачынствам:
— Абсалютна згодна са словамі Дональда Трампа: «Ідея, якая з’явілася, але не была рэалізавана, есць злачынства супраць грамадства», — гаворыць Ніна.
І наастатку – не баяцца крытыкі, красці час у штодзённасці і планаваць яго на год наперад.
— Жыццё не дасць паслабленняў, але калі вы вырашыце для сабе, і пачняце крочыць, у вас абавязкова атрымаецца, — натхняе маладая паэтка.