Лунінецкая філія БАЖ: год быў шчодрым на творчыя знаходкі
Лунінецкія БАЖаўцы на чарговым сходзе падвялі вынікі за год, абмеркавалі планы на будучае.
У сходзе прынялі ўдзел кіраўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – старшыня Андрэй Бастунец і яго наменіца Аліна Суравец.
У справаздачы старшыні філіі Алены Насковіч прагучала, што Лунінецкая філія адна з першых падтрымала эстафету добрых спраў, ладзіла міжрэгіянальныя мерапрыемствы: трэнінгі , прэс-тур “BAJ-JAM”, штогадовы круглы стол літаратараў і журналістаў. Сябры арганізацыі далучыліся да прэзентацыі зборніка Міколы Ільючыка “Верагоднасць цуду” і да “Вераснёўскіх сустрэчаў разам з БАЖ”. І гэта далёка не поўны пералік крэатыўных мерапрыемстваў.
Андрэй Бастунец адзначыў, што заўсёды прыемна наведваць Лунінецкую філію, што добрыя традыцыі тут працягваюцца.
– Пры планаванні мерапрыемстваў трэба сыходзіць са стратэгічных накірункаў дзейнасці БАЖ, – нагадаў кіраўнік журналісцкай арганізацыі.
Аліна Суравец падкрэсліла, што прыярытэт надаецца менавіта міжрэгіянальным мерапрыемствам, і прапанавала стаць лунінчанам арганізатарамі адной з ужо запланаваных на 2018 год канферэнцый.
Лунінецкія сябры ГА “БАЖ” абмеркавалі шэраг ідэй па планах на будучае.
Сябры па БАЖ павіншавалі актывіста Андрэя Сыціна з Днём нараджэння.