Белтэлерадыёкампанія адрэагавала на прапанову ўключыць праграмы «Белсату» у сетку кабельнага тэлебачання
У афіцыйным адказе няма ні слова пра вартасць кантэнту «Белсату» для беларускай аўдыторыі або пра магчымасць супрацы з «Белсатам» у сетцы кабельнага вяшчання. Замест гэтага пазначаны спіс беларускамоўных праграмаў на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.
Петыцыя аб уключэнні тэлеканалу «Белсат» у сетку кабельнага тэлебачання на тэрыторыі Беларусі была накіравана ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама да Белтэлерадыёкампаніі 1 лістапада.
Афіцыйным тэлеканалам прапанавалі стварыць сумесную рэдакцыю, якая б працавала на базе аднаго з існуючых кабельных тэлеканалаў з дадаткам прадуктаў тэлеканалу «Белсат».
На гэты час адзіны адказ атрымалі ад намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканалу «Беларусь 1» Сяргея Шышко. У лісце пералічаныя праграмы, што выходзяць на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі па-беларуску. Ніякай рэакцыі на прапанову супрацы з «Белсатам» у адказе няма.
«Уся прадукцыя Белтэлерадыёкампаніі арыентуецца на самае шырокае кола аўдыторыі. Творчы калектыў сочыць за новымі тэндэнцыямі развіцця тэлеіндустрыі і прапаноўвае самы цікавы кантэнт сваім гледачам», – напісана ў адказе Белтэлерадыёкампаніі.
Гаворка ў петыцыі вялася аб неабходнасці павелічэння колькасці і разнастайнасці беларускамоўных праграмаў на беларускім тэлебачанні. Акрамя таго, тэлеканал «Белсат» прапаноўвае еўрапейскія фільмы і серыялы ў беларускамоўнай агучцы, аўтарскія праграмы, ніяк не звязаныя з унутранай палітыкай Беларусі, але цікавыя шырокаму колу гледачоў: шоу «Прыват», тэлецыклы «Вяскоўцы», «Людскія справы», «Belsat Music Life» ды іншыя.