Паўлу Шарамету споўнілася б 46 гадоў
Паўтара года няма з намі выдатнага журналіста. Смелага, рашучага і таленавітага. Ці даведаемся мы калі-небудзь імёны арганізатараў і выканаўцаў забойства, і ці панясуць яны пакаранне? — пытанне, якое завісла ў паветры. І ўпэўненасці атрымаць адказ на яго з кожным годам усё меней і меней.
Але Беларускай асацыяцыя журналістаў і многія журналісцкія арганізацыі свету працягваюць і будуць працягваць задаваць гэта пытанне: Хто і за што забіў Паўла Шарамета?
Убийство Павла Шеремета:
Почему следствие не продвинулось в раскрытии «дела чести»?
«Мой бацька — Павал Шарамет». Дзеці забітага журналіста расказалі, якім бацькам ён быў. ВІДЭА
Год таму, ў Дзень нараджэння Паўла, Беларускай асацыяцыя журналістаў ладзіла ў Мінску вечар яго памяці.
— Я глядзела яго, слухала штодзень, штораніцы, і думала: які прыгожы, спелы і які малады чалавек… Як цікава ён працуе, якія магчымасці ў яго наперадзе.
Нехта падумаў гэтак жа. Ды напалоўхаўся. Яго ня стала. Сёння ў мяне ўжо няма асаблівай надзеі на правасудзьдзе Ўкраіны — гаворыць маці Паўла спадарыня Людміла.
— Мяне заўжды здзіўляла ўменне Паўла хутка перастройвацца, быць у любой сітуацыі аптымістам. Тэлебачанне — «наркотык», ад якога цяжка адмовіцца. На той момант ён быў яркай зоркай тэлевізійнай беларускай журналістыкі. У крамах прадавачкі бралі аўтографы ў яго. І ён у адзін момант з тэлевізійнага журналіста стаў газетным. І вельмі добрым, хоць у тэорыі кажуць, так не бывае, што гэта розныя віды прафесіі, — гаворыць калега Паўла, вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна.
— Пасля зноў пакінуў газету, сышоў на тэлебачанне, на сайт, у выдавецкую дзейнасць, у выкладанне. Гэта пацверджанне таго, што калі чалавек разумее, для чаго ён у прафесіі, ён заўжды знойдзе магчымасць сябе рэалізаваць. У яго была тысячапрацэнтная прафпрыдатнасць да журналістыкі. Прафпрыдатнасць — гэта цікавасць да людзей. Не да сябе, а менавіта да людзей. Ён ішоў плаціціь за бензін на запраўцы і тут жа вяртаўся з гісторыяй ад касіра запраўкі.
Усё, што адбылося, — доказ таго, што мы нечага не разумеем у светабудове. Так не павінна быць. Людзі, яркія, адкрытыя, не павінны так рана сыходзіць. І ўсё адно я ўдзячная Паўлу, што ён сваёй прысутнасцю столькім людзям асвяціў жыццёвы шлях, — з сумам гаворыць Калінкіна.
— Павел паспеў папрацаваць у Беларусі, Расіі, ва Ўкраіне. І паўсюль здабываў поспех, а што яшчэ больш значна — аўтарытэт і павагу ад калегаў. Ён быў адкрыты і энергічны чалавек, — узгадвае Паўла старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Сёлета міжнародная няўрадавая арганізацыя «Камітэт па абароне журналістаў» (CPJ) апублікавала спецыяльны даклад да гадавіны смерці Шарамета. У ім гаворыцца, што за мінулы год Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства. За расследаванне адказваюць тры пракуроры, па справе дапытаныя 1.800 чалавек, адгледжана 150 тэрабайт відэаматэрыялаў, аднак да гэтага часу грамадскасці невядома ні пра аднаго арыштаванага альбо нават падазраванага.
Аўтары даклада звярнулі ўвагу на тое, што ўкраінскія ўлады спрабуюць выявіць у забойстве Шарамета расійскі след, хоць ёсць не менш ўскосных сведчанняў таго, што магчымае дачыненне да забойства Украіны. Так, адзначаецца ў дакладзе, некаторыя афіцыйныя асобы падтрымалі інтэрнэт-напады на журналістаў, якія папярэднічалі забойству Шарамета. У той час «Украинская правда» стала больш актыўна крытыкаваць уладу, і Шарамет заяўляў, што за ім сочаць. У ноч, калі невядомыя асобы заклалі ў аўтамабіль Алены Прытулы бомбу, у аб‘ектыў ахоўнай відэакамеры ля дома, дзе жыў журналіст, трапіў былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны (СБУ).
Нацыянальная паліцыя і МУС Украіны ў перапісцы з CPJ адмовіліся наўпрост адказаць на пытанне, ці падазраюць у забойстве Шарамета каго-небудзь з уладных структур або звязаных з імі людзей. А СБУ дачыненне свайго былога супрацоўніка да гэтага злачынства адхіляе.
11 ліпеня з сям‘ёй Шарамета і прадстаўнікамі Камітэта па абароне журналістаў сустрэўся прэзідэнт Украіны. Пётр Парашэнка запэўніў, што ён зацікаўлены ў празрыстым расследаванні забойства журналіста і гатовы зрабіць усё, што ад яго залежыць, для поўнага расследавання. Прэзідэнт таксама паведаміў, што праваахоўныя органы павінны найбліжэйшым часам даць публічную справаздачу аб выніках расследавання.